Ракетны эсьмінец ЗША ўвайшоў у Чорнае мора

Truxtun, архіўнае фота

Амэрыканскі эскадравы мінаносец USS Truxtun прайшоў праз праліў Басфор ў Турэччыне і выйшаў у Чорнае мора.
Турэцкае тэлебачаньне ў пятніцу ўвечары паказала кадры, на якіх ракетны эсьмінец рухаецца на поўнач.

Амэрыканскія вайскоўцы называюць рух карабля «звычайным» перамяшчэньнем, вызначаным задоўга да крызісу ва Ўкраіне. Карабель мае ўзяць удзел у сумесных вучэньнях з марскімі сіламі саюзьнікаў па НАТО — Баўгарыі ды Румыніі.

Truxtun — эсьмінец з кіраваным ракетным узбраеньнем, пераважна высокадакладнымі ракетамі вялікай дальнасьці «Тамагаўк». На яго борце каля 300 маракоў. Гэта другі ваенны карабель ЗША ў Чорным моры. Цяпер у турэцкім Самсуне знаходзіцца ракетны фрэгат USS Taylor.