Азэрбайджан мае намер вярнуць Нагорны Карабах

Прэзыдэнт Азэрбайджану Ільхам Аліеў і прэзыдэнт Армэніі Серж Саргсян (на заднім пляне), архіўнае фота

Прэзыдэнт Азэрбайджана Ільхам Аліеў заявіў, што бліжэйшым часам Баку верне сабе Нагорны Карабах — спрэчную тэрыторыю на мяжы з Армэніяй.
«Я абсалютна ўпэўнены, што моц Азэрбайджана, якая расьце, наш патэнцыял і прадуманая, узважаная зьнешняя палітыка дазволіць нам аднавіць сваю тэрытарыяльную цэласнасьць», — заявіў Аліеў падчас выступу з нагоды сьвята Наўруз.

Аднак Азэрбайджан не плянуе ісьці насуперак міжнароднаму праву. Аліеў пры гэтым адзначыў, што міжнародныя законы пэрыядычна разыходзяцца з паняцьцем справядлівасьці.

«Нагорны Карабах зьяўляецца неад’емнай часткай Азэрбайджана, спрадвечна нашай зямлёй. Усе тапонімы ў Нагорным Карабаху адлюстроўваюць культуру, гісторыю азэрбайджанскага народа. І ня толькі Нагорны Карабах, але і вялікая частка цяперашняй Армэніі — гэта старажытныя азэрбайджанскія землі», — заявіў Аліеў.

Ён адзначыў, што разьлічвае на «справядлівае» вырашэньне галоўнай зьнешнепалітычнай праблемы Азэрбайджана.

«Мы, азэрбайджанцы, вернемся ў Нагорны Карабах, іншыя акупаваныя зямлі і на ўсе свае гістарычныя землі, я ў гэтым упэўнены», — заявіў кіраўнік дзяржавы, дадаўшы, што для дасягненьня гэтай мэты азэрбайджанцы «павінны быць мацнейшыя». Аліеў адзначыў, што ў сёньняшнім сьвеце ва ўрэгуляваньні міжнародных адносін на пярэдні плян выходзяць міжнароднае права і фактар сілы.

«У такім выпадку кожная краіна павінна нарошчваць свае сілы. Мы ўжо многія гады займаемся гэтым, ствараем моцны эканамічны патэнцыял, які дазваляе нам весьці незалежную палітыку», — цытуе Інтэрфакс Аліева.

Барацьба за Нагорны Карабах стала працягам канфлікту Баку і Ерэвана, які разгарэўся ў канцы 1980-х гадоў.

У выніку вайны, якая доўжылася да траўня 1994 году, Нагорны Карабах адышоў да Армэніі.

Армэнія прызнала анэксію Крыма Расеяй. Азэрбайджан выступае за тэрытарыяльную цэласнасьць Украіны.