За дэпутатаў у Гарадзенскі гарсавет прагаласавалі толькі 52% выбарцаў

Раман Юргель

Пасьля падвядзеньня вынікаў галасаваньня ў Гарадзенскі гарадзкі савет высьветлілася, што 16,9% выбарцаў, якія прыйшлі 23 сакавіка на выбарчыя ўчасткі, прагаласавалі «супраць усіх», 3% бюлетэняў былі прызнаныя несапраўднымі.
Паводле афіцыйных дадзеных, у выбарах у Гарадзенскі гарадзкі савет узялі ўдзел 167 400 чалавек, альбо 72% ад агульнай колькасьці выбарцаў. Абрана 30 дэпутатаў на 30 акругаў. На 20 акругах выбары былі безальтэрнатыўныя.

Назіральнік ад БХК Раман Юргель, прысутнічаючы на падвядзеньні вынікаў галасаваньня, не паленаваўся запісаць вынікі па кожнай акрузе — і высьветлілася, што супраць усіх прагаласавалі 28 302 выбарцы, гэта 16,9%. 5157, альбо 3% бюлетэняў былі прызнаныя несапраўднымі

Юргель: «Вось і атрымліваецца, што за гарадзенскіх дэпутатаў прагаласавала трохі болей за 50% выбарцаў. А вось высокі адсотак, амаль 17%, «супраць усіх», і сюды ж трэба дадаць 3% несапраўдных бюлетэняў, сьведчаць, што гэтыя выбары прайшлі ня так ужо пасьпяхова, як нам паказваюць па тэлебачаньні. Пратэстныя настроі сярод выбарцаў нарастаюць. Да прыкладу, акруга № 28, дзе безальтэрнатыўна балятаваўся намесьнік дырэктара БТІ Генадзь Карповіч — 1868 выбарцаў прагаласавалі «супраць усіх» і 104 бюлетэні прызнаныя несапраўднымі. На акрузе № 29, дзе безальтэрнатыўна балятаваўся дзейны старшыня Гарадзенскага гарадзкога савету Анатоль Нікіцін, налічылі 1274 бюлетэняў «супраць усіх» і 175 несапраўдных.