Лукашэнка на інаўгурацыі Парашэнкі: Крым не губляйце і Януковіча забярыце! (ВІДЭА)

Аляксандар Лукашэнка заклікае Ўкраіну дамаўляцца і з Расеяй і з Эўрапейскім зьвязам. Аб гэтым ён сказаў журналістам пасьля інаўгурацыі новаабранага прэзыдэнта Ўкраіны.
Аляксандар Лукашэнка прыехаў на інаўгурацыю ў суправаджэньні аўтакалёны з адзінаццаці аўтамабіляў.

Лукашэнка, размаўляючы з журналістамі, выступіў у падтрымку адзінай Украіны:

Аляксандар Лукашэнка
заклікае Украіну дамаўляцца і з Расеяй, і з Эўрапейскім зьвязам. Аб гэтым ён сказаў журналістам пасьля інаўгурацыі новаабранага прэзыдэнта Ўкраіны.
«Я ня думаю, што сытуацыя катастрафічная, занадта шмат тут нагнятаецца запалу, занадта шмат гутарак у гэтым пляне. Таму трэба проста супакоіцца, і ў новым пэрыядзе трэба стабілізаваць сытуацыю, таму што ўкраінцы вельмі працавітыя і разумныя людзі, і яны справяцца з праблемамі. Калі ім не дапамогуць з гэтымі праблемамі справіцца, то яны самі з гэтым разьбяруцца», — сказаў Лукашэнка.

На пытаньне, чый Крым, Лукашэнка сказаў:

«Гэта вы, украінцы, мне пытаньні задаяце? Вось едзьце ў Крым і дамаўляйцеся аб тым, каб Крым быў украінскім, не губляйце яго».

У сваім сёньняшнім выступе новаабраны прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка заявіў, што Крым ёсьць і будзе ўкраінскім.

Сёньня Пятро Парашэнка прыняў прысягу прэзыдэнта. На цырымоніі інаўгурацыі новага прэзыдэнта прысутнічалі дэлегацыі зь дзясяткаў краін сьвету.

Парашэнка перамог у першым туры на датэрміновых выбарах прэзыдэнта, якія адбыліся 25 траўня, атрымаўшы 54,7% галасоў выбарнікаў.