Мастакі малююць краявіды быкаўскіх мясьцін

На малой радзіме Васіля Быкава, у вёсцы Бычкі Вушацкага раёну, праходзіць мастацкі пленэр.
Паўтара дзясятка ўдзельнікаў зьехаліся з розных гарадоў Беларусі, каб маляваць быкаўскія мясьціны — краявіды, якія ён любіў зь дзяцінства, ды партрэты землякоў, якіх у Бычках з кожным годам застаецца ўсё меней. Але менавіта землякі знакамітага пісьменьніка ўбачаць першую экспазыцыю твораў, прысьвечаных памяці Васіля Быкава.

Сёньня ў Бычках няма й дзясятка сталых жыхароў — вёска вымірае. Але людзі сюды, у «непэрспэктыўную» вёску, дзе даўно няма ні школы, ні нават крамы, не перастаюць заяжджаць: тут сядзіба-музэй Васіля Быкава. А навокал — маляўнічыя мясьціны, якія натхняюць на творчасьць. Таму і дагэтуль мастакі не аднойчы зьбіраліся тут на адмысловыя быкаўскія пленэры, арганізаваныя Адай Райчонак, нястомнай кіраўніцай грамадзкага Цэнтру імя Язэпа Драздовіча, якую часьцяком так і называюць — «маці пленэраў».

Паводле спадарыні Ады, на пленэры мастакі набіраюцца ўражаньняў, каб потым дапрацаваць тое, што было зроблена тут за тыдзень.

«На гэта будзе 5 ці 6 месяцаў, каб добрыя карціны атрымаліся. Ну, а потым арганізуем выставы ў розных гарадах — Полацку, Наваполацку, Лепелі... Звычайна пачынаем зь Віцебску. І так кожны пленэр і ўсе выставы ў нас праходзяць».

Ада Райчонак і банэр пленэра


Мастак Аляксандар Саўчанка прыехаў на пленэр зь Лепеля. Ён прыяжджае ў Бычкі ўжо не ўпершыню і штораз натхняецца гэтымі мясьцінамі. Засьпець мастака зь сябрамі ўдалося на бліжэйшым возеры каля суседняй вёскі Белюкоўшчына, якое дужа любіў Васіль Быкаў:

Малюе Аляксандар Саўчанка


«Я тут ужо ня першы раз, і сядзібу Васіля Быкава маляваў не аднойчы. Таму на гэтым пленэры я вырашыў прысьвяціць працу таму, дзе ён хадзіў, што бачыў, пранікнуцца гэтым усім... Зрабіў некалькі этудаў вёскі, тут вельмі цікавыя, самабытныя хаткі. І вось малюю гэтае возера. Ён тут любіў сядзець, думаць. Там і камень ляжыць на беразе, дзе ён любіў сядзець, думаць. У кнізе „Доўгая дарога дадому“ ён шмат успамінае, як ён тут сядзеў».

На пленэры ня толькі пішуць карціны. Віцебскі мастак Уладзімер Вальноў падрыхтаваў інсталяцыю, прысьвечаную сядзібе ў суседняй вёсцы Чарапоўшчына. Атрымаўся, бадай, ужо помнік сядзібе — бо сёлета ў траўні яна згарэла. У гэтым будынку некалі працавала Валянціна Быкава, сястра пісьменьніка, дый Васілю Быкаву вёска Чарапоўшчына не чужая, кажа спадар Вальноў:

Інсталяцыя Ўладзімера Вальнова


«Кажуць, што „Радзіма — гэта там, дзе пупок рэзалі“. Дык вось у Чарапоўшчыне быў цэнтар сельсавету, і там быў мэдпункт, дзе аказвалі дапамогу... І Быкаў пісаў пра Чарапоўшчыну. А гэта была сядзіба пачатку 20 стагодзьдзя, пабудаваная ў стылі мадэрн, там былі вітражы, вакол быў парк... Яна выкарыстоўвалася як дзіцячы дом, як сельсавет, у апошнія часы як школа. А калі вучняў ня стала, яна стаяла безгаспадарная. Але на 80% будынак і зараз быў гатовы да выкарыстаньня. І вось у адну ноч ён згарэў. Казаць, што гэта дзеці гарэзавалі ды падпалілі, неяк не выпадае...»

Your browser doesn’t support HTML5

Пленэр на радзіме Быкава


Як высьветлілі мастакі, будынак быў выкуплены, і якраз за месяц да пажару новы гаспадар яго застрахаваў. Цяпер ён атрымае грашовую кампэнсацыю.

Сядзіба пасьля пажару


Дарэчы, у 2012 годзе, падчас мінулага пленэру ў Бычках, мастакі зьвярталіся ў Міністэрства культуры — каб гэты будынак узялі пад ахову дзяржавы як помнік архітэктуры. Ім адказалі, што ў 2013 годзе тут заплянаваны пачатак працаў па аднаўленьні... Але сядзіба, апісаная Васілём Быкавым, застанецца ўжо толькі на фатаздымках і карцінах мастакоў.

Творы, над якімі мастакі працавалі гэтымі днямі, упершыню будуць выстаўленыя 21 чэрвеня. Першымі іх убачаць жыхары Бычкоў і госьці быкаўскага сьвята. У наступную суботу тут, на падворку музэя-сядзібы, адбудзецца штогадовая імпрэза ў гонар 90-х угодкаў з дня нараджэньня пісьменьніка. Адбудзецца і ўручэньне прэміі «За свабоду думкі» імя Васіля Быкава.

Некаторыя творы ўжо гатовыя