Няма фінансаваньня — няма і сур’ёзных дасьледаваньняў cталінскіх рэпрэсій, — Леанід Маракоў

Міністэрства культуры Расейскай Фэдэрацыі спыняе фінансаваньне дасьледаваньняў пэрыяду сталінскіх рэпрэсій. Як гэта паўплывае на беларускіх дасьледчыкаў, на доступ да расейскіх архіваў?

Беларускія навукоўцы-гісторыкі, пісьменьнікі такому рашэньню Міністэрства культуры Расеі не зьдзіўляюцца. Бо апошнім часам там адбылася пераацэнка каштоўнасьцяў — такое меркаваньне выказаў кандыдат гістарычных навук, дасьледчык тэмы палітычных рэпрэсій Ігар Кузьняцоў:

Ігар Кузьняцоў

«У іх такое рашэньне прынята, магчыма, цалкам аб’ектыўна, таму што ўхваленая новая канцэпцыя выкладаньня гісторыі, новыя падыходы — што Сталін ужо зьяўляецца мэнэджэрам, а таксама гэта могуць матываваць тым, што шмат грантаў, праектаў, якія былі ўжо адпрацаваныя, і гэта тэма дастаткова дасьледаваная. Таму фармальна ў іх ёсьць падставы пра гэта заяўляць».

Такой жа думкі прытрымліваецца і пісьменьнік Леанід Маракоў, аўтар 10-томнага энцыкляпэдычнага даведніка «Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асьветы, грамадзкія і культурныя дзеячы Беларусі»:

Леанід Маракоў

«Некалькі гадоў таму яны прызналі, што Сталін — вялікі мэнэджэр, з масавага забойцы зрабілі вялікага мэнэджэра, а нядаўна пачалі прасоўваць ідэю пераназову горада ў Сталінград. Так што нічога дзіўнага.

У нас няма фінансаваньня, але пакуль і ня душаць за дасьледаваньні. І выходзяць кніжкі, праўда, у асноўным за свае сродкі. Некаторыя моцныя кніжкі нават праскочылі, так бы мовіць, і выдадзеныя ў дзяржаўных выдавецтвах. Так што пакуль ціха, пакуль ня душаць. Але, канечне, калі няма фінансаваньня — няма і пэрспэктывы, няма сур’ёзных дасьледаваньняў».

Паводле Ігара Кузьняцова, больш за паўтара мільёна беларусаў прайшло праз сталінскія рэпрэсіі. І ў першыя гады незалежнасьці краіны, на пачатку 1990-х у Інстытуце гісторыі Нацыянальнай Акадэміі навук была створана працоўная група з пяці навукоўцаў, якія займаліся тэмай сталінскіх рэпрэсій, распавядае Ігар Кузьняцоў:

«І яна праіснавала літаральна да 1996 года, і затым яна была ліквідаваная. Гэта быў не праект, проста штатныя супрацоўнікі займаліся вывучэньнем ў тым ліку і гэтай тэмы. Потым яна была закрыта, і да гэтага часу ў Беларусі наагул ня тое што няма фінансаваньня, не абаронена ні адна дысэртацыя, ні адзін дыплём. То бок у нас з 1996 года закрыта фактычна ўсё».

А навукоўцы, якія працавалі па гэтай тэме, зь цягам часу былі, так бы мовіць, «вышчымленыя» з Інстытуту гістрорыі, звольненыя з Акадэміі навук (сярод іх была Тацяна Процька, якая зрабіла дасьледаваньне «Палітычныя рэпрэсіі ў Беларусі. Гісторыя і сучаснасьць», Ніна Стужынская ды іншыя).

На пачатку 1990-х некаторым беларускім дасьледчыкам пашанцавала трапіць у архівы КДБ. Але такая «адліга» хутка скончылася, дый кола дасьледчыкаў было вельмі абмежаванае. Ці ёсьць магчымасьць для беларускіх гісторыкаў працаваць у расейскіх архівах? Ігар Кузьняцоў кажа:

«Нашы могуць трапіць. Абмежаваньняў асаблівых няма для грамадзянаў Беларусі, таму што гэта Саюзная дзяржава. Іншае пытаньне, што расейскія архівы ў апошні час таксама ўжо абмежаваныя для допуску і расейскіх дасьледчыкаў. Але там значна менш абмежаваньняў, чым у нас. І раней расейскія дасьледчыкі наагул маглі ў архівах ФСБ працаваць. А ў нас гэта магчымасьць была вельмі кароткатэрміновая, яе хуценька закрылі, і пасьля 1996 года ніхто такую магчымасьць атрымаць ня мог».

Пазьней тэму сталінскіх рэпрэсій спрабавалі дасьледаваць і маладыя навукоўцы. Да прыкладу, у 2007 годзе гісторык Ірына Кашталян, абараніла кандыдацкаю дысэртацыю на тэму «Штодзённае жыцьцё беларускага грамадзтва ў 1944 — 1953 гадох», але гэту працу не зацьвердзіла Вышэйшая атэстацыйная камісія. Некалькі гадоў Ірына Кашталян працуе над праектам «Беларускі архіў вуснай гісторыі».