Зьбігнэў Бжэзінскі: Характар ​​гульні мяняецца

Амэрыканскі дзяржаўны дзеяч, палітоляг і былы дарадца па нацыянальнай бясьпецы ЗША Зьбігнеў Бжэзінскі даў інтэрвію CNN, у якім распавёў пра стаўленьне заходніх краінаў да сытуацыі на ўсходзе Ўкраіны, плянах прэзыдэнта РФ Уладзімера Пуціна і чаканьнях ад саміту НАТО.

CNN: Ці можа адміністрацыя Абамы апісаць тое, што адбываецца ва Ўкраіне, як расейскае ўварваньне ў гэтую краіну?

Бжэзінскі: Я думаю, у першую чаргу, мы павінны адзначыць, што, на самай справе, гэта меркаваньне падзяляе большая частка міжнароднай супольнасьці. А як яшчэ гэта можна назваць? Расейскія войскі пераходзяць мяжу. Расейскія танкі перасякаюць мяжу. Расея ўвесь час вядзе артылерыйскія абстрэлы празь мяжу. Акрамя таго, там ёсьць і па-прарасейску настроеныя ўкраінцы, якіх узброіла Расея. Гэта ваенная апэрацыя, накіраваная супраць суседняй дзяржавы і, такім чынам, яна зьяўляецца сур’ёзнай пагрозай для ўсяго сьвету.

CNN: Захад няправільна разумее Пуціна? Што можа прымусіць яго зьмяніць свае паводзіны? Як вы ацэньваеце ўзаемадзеяньне заходняга альянсу і РФ?

Бжэзінскі: Ну, тут ёсьць два аспэкты. Першы: няма ніякіх сумневаў у тым, што тое, што адбылося ва Ўкраіне, стала сур’ёзным ударам па асабістых і міжнародных амбіцыях Пуціна, а менавіта па яго плянах узнавіць нешта накшталт Савецкага Саюзу, называючы гэта Эўразійскім саюзам, у якім Расея, на аснове падтрымкі самай важнай для яе краіны, Украіны, а таксама Беларусі і іншых былых савецкіх рэспублік, у пэўным сэнсе робіцца дамінуючай сілай, як гэта было ў Расейскай імпэрыі і ў тым жа СССР.

Рашэньне Ўкраіны не ісьці па гэтым шляху стварыла сур’ёзныя праблемы для плянаў Пуціна і дала прыклад іншым краінам, якія ўсё больш паказваюць, што яны хацелі б мець асобны статус. Паглядзіце на ваганьні ў Казахстане, ва Ўзбэкістане, яскравы прыклад — нядаўняя сустрэча ў Беларусі.

Зь іншага боку, ёсьць Захад. І я думаю, што мы вельмі павольна пераконваем Пуціна, што ён ня можа прайсьці ўвесь задуманы шлях. Я думаю, што мы павінны былі дзейнічаць раней у забесьпячэньні больш адкрытай падтрымкі Ўкраіны. Мы павінны быць гатовыя заявіць публічна і Расеі, і ўсім астатнім краінам: Украіна цяпер знаходзіцца ў стане абароны. Таму мы зьбіраемся даць Украіне абарончае ўзбраеньне, падкрэсьліваю — толькі абарончае ўзбраеньне, якое можа быць выкарыстанае супраць ўварваньня танкаў, супраць ўварваньня артылерыі. У вялікай меры гэтая зброя дасьць магчымасьць украінцам адчуць, што яны могуць больш эфэктыўна абараняць свае гарады, чым гэта адбываецца сёньня.

CNN: Якімі, на вашу дуіку, будуць вынікі саміту НАТО?

Бжэзінскі: Галоўным вынікам будзе пацьверджаньне, што НАТО зьяўляецца актыўным і значным альянсам, гатовым распачаць любыя неабходныя меры, каб абараніць сваю калектыўную бясьпеку. І ўжо ў найбліжэйшай будучыні мы павінны прыняць дакладнае рашэньне па дысьлякацыі сталых базаў сілаў НАТО, у прыватнасьці, у краінах Балтыі, на якіх будуць несьці службу амэрыканцы, немцы, брытанцы, французы, у тым ліку нават італьянцы, якія ў цяперашні час асабліва імкнуцца да больш актыўнай ролі ў альянсе.

Можа быць, базы будуць і ў Польшчы, але Польшча зьяўляецца больш самадастатковай дзяржавай. Але гэта сапраўды будуць краіны Балтыі. Расейцы добра ведаюць, што гэтыя краіны — не Ўкраіна. А акрамя таго, Пуцін відавочна паказаў, што ў выпадку посьпеху ва Ўкраіне, ён будзе рабіць тое ж самае ў балтыйскіх дзяржавах, дзе ёсьць значная расейская меншасьць, якая пражывае вельмі блізка да мяжы з Расеяй.

CNN: Нядаўна Washington Post у рэдакцыйным артыкуле напісала, што прэзыдэнт Абама быў занадта пасіўны ў сваёй рэакцыі на гэты канфлікт. Артыкул сканчаўся словамі: «Надышоў час для прэзыдэнта Абамы перастаць казаць нам, чаго Злучаныя Штаты ня могуць рабіць, і сказаць нам, што яны могуць зрабіць». Я мяркую, галоўным аргумэнтам Абамы стане заклік не паддавацца паніцы. Як вы лічыце?

Бжэзінскі: Я бачу гэта крыху па-іншаму. Я думаю, што ён быў вельмі выразным у сваіх рэакцыях і досыць моцным у ацэнках расейскай агрэсіі ў адносінах Украіны. Але ў яго ёсьць саюз, ёсьць альянс, у які ўваходзіць 25 або больш дзяржаваў, некаторыя зь іх зьяўляюцца вельмі стрыманымі. Яны ўсе вельмі рады мець абарону ў выглядзе Амэрыкі і НАТО. Але ня ўсе зь іх гатовыя несьці свой цяжар, каб стаяць разам з ЗША.

Гэта зойме некаторы час, каб мабілізаваць усе краіны, але ўжо цяпер канцлер Мэркель — вельмі моцная асоба ў сусьветнай палітыцы — падтрымлівае моцныя рэакцыі. Прэзыдэнт Францыі Алянд пачынае рэагаваць такім жа чынам. Прэм’ер Вялікабрытаніі Кэмэран глыбока занепакоены тым, што адбываецца, і многія іншыя лідэры краінаў. Я думаю, што характар гульні мяняецца. Захад зараз зойме цьвёрдую пазыцыю. Я, дарэчы, думаю, што мы павінны пагаварыць пра гэта сам-насам з кітайцамі, але вельмі сур’ёзна пагаварыць.

Расейцы, і пра гэта ня так шмат гаворыцца, сьцьвярджаюць, што Кітай вельмі моцна іх падтрымлівае. На мой погляд, рэальная сытуацыя не такая. Я думаю, што яны хвалююцца, я думаю, што яны ведаюць, што калі авантурызм Пуціна прывядзе да буйнога канфлікту, то гэта будзе вельмі сур’ёзнай пагрозай для глябальнага дабрабыту. І для Кітаю гэта стала б фундамэнтальнай катастрофай.

Я думаю, што кітайцы павінны стаць больш актыўнымі ў зносінах з Пуціным і павінны настаяць на тым, што ўжываньне сілы для зьмены межаў у цяперашні час, празь дзесяцігодзьдзі пасьля Другой сусьветнай вайны — гэта не спосаб вырашэньня міжнародных праблемаў. Я думаю, што яны павінны прыняць гэтую пазыцыю. Яны — буйная дзяржава. Яны — нашы партнэры. Яны ня могуць маўчаць, проста седзячы на ўзбочыне.

Пераклад парталу Обозреватель