Расея слабейшая, чым здаецца,— брытанскі экспэрт

Міжнародная супольнасьць павінна прызнаць факт парушэньня рэжыму спыненьня агню ва Ўкраіне і ўказаць Расеі на далейшыя нэгатыўныя наступствы такіх яе дзеяньняў.

Гэтак лічыць брытанскі дасьледчык, аналітык Каралеўскага інстытута міжнародных адносінаў Chatham House Джэймс Шэр.

У інтэрвію Радыё Свабода ён адзначыў, што ня лічыць закон ад 16 верасьня а статусе асобных раёнаў Данбасу катастрофай.

— Мы ўсе ведаем, што зьмяненьне статусу той ці іншай вобласьці ва Ўкраіне — гэта канстытуцыйная зьмяненьне. Ні Вярхоўная Рада, ні прэзыдэнт ня маюць улады самавольна зьмяняць гэта. Павінен быць канстытуцыйны працэс. Юрыдычна гэта азначае, што гэты закон — ня больш чым дэклярацыя. У ім столькі двухсэнсоўнасьцяў, расплывістых палажэньняў, што на практыцы ўсё будзе залежыць ад таго, як тыя ці іншыя словы гэтага закона растлумачаць. Так, гэты закон — непрыемнасьць, але не катастрофа. Сам па сабе ён нічога не зьмяняе. Не выпадкова баевікі не зусім ім задаволеныя. Крэмль больш задаволены, чым баевікі.

— Гаворачы пра цяперашняе так званае перамір’е — ці гэта канец вайны?

— Не, яно надзвычай крохкае. Гэты рэжым, у рэшце рэшт, штодня парушаюць. І кожны раз, калі ёсьць такое парушэньне, гэта такі сабе тэст, тое, што расейцы называюць «выведкай боем». Гэта — спосаб прааналізаваць намеры, баяздольнасьць, маральны дух апанэнта шляхам правакацыі, ваенных дзеяньняў. Горш за ўсё, што, нягледзячы на ўсё гэта, ЭЗ, ключавыя заходнія ўрады заяўляюць, нібыта рэжым спыненьня агню працягваецца. Але яны павінны сказаць пра парушэньні, пра тое, што гэта мае свой уплыў і прывядзе да наступстваў, што рэжым спыненьня агню трэба паважаць.

— Калі мы не гаворым пра канец вайны, а Захад пры гэтым не дае Ўкраіне ваеннай дапамогі, якімі будуць наступныя крокі?

— Акрамя ваенных пытаньняў, акрамя санкцыяў, у Захаду няма іншай палітыкі. Калі Ўкраіна ці яе бліжэйшыя саюзьнікі не паўплываюць на зьмяненьне палітыкі заходніх урадаў, падтрымка і далей будзе мець неваенны характар. Факт у тым, што чым больш пашыраюць санкцыі, чым даўжэй яны будуць дзейнічаць, тым больш разбуральны эфэкт на расейскую эканоміку яны будуць мець. Яны ўжо маюць разбуральны эфэкт. Расея слабейшая, чым здаецца.

Нават яе сыстэма абароны слабейшая, чым здаецца. Элітныя сілы на мяжы абмежаваныя ў сваёй колькасьці, іх колькасьць — 20 тысячаў, у іх няма рэзэрву і яны не прызначаныя для захопу тэрыторыяў. За гэтымі сіламі ідзе асноўная частка расейскай арміі. Яна шматлікая, але натрэніраваная і абсталяваная яна ня лепш, чым украінская. У адрозьненьне ад украінскай арміі, у расейскай наогул няма ніякай матывацыі.

Вядома, расейцы, у прынцыпе, могуць быць у Марыюпалі на працягу 24 гадзінаў. Вядома, яны могуць, як казаў Пуцін, «узяць Кіеў» за два тыдні, у рэшце рэшт, і сілы НАТО могуць узяць які з расейскіх гарадоў менш, чым за два тыдні. Пытаньне ў тым, што будзе сьледзтвам такіх дзеяньняў. Пуцін не абыякавы да наступстваў. Што будзе пасьля такога кроку? Расея, можа, і магла б захапіць Кіеў праз два тыдні, але яна адтуль ужо ня выберацца.

— Ці бачыце Вы нейкі шлях для адступленьня Пуціна? Бо для таго, каб неяк разьвязаць гэты вузел канфлікту, Пуціну, верагодна, трэба мець спосаб захаваць твар?

— Мы, а менавіта — Украіна і Захад, можам гэта забясьпечыць, але спачатку трэба даць Пуціну зразумець, што сваімі дзеяньнямі ён губляе ўсе перавагі. Гэта азначае, што больш не павінна быць размоваў пра магчымае паслабленьне санкцыяў, але ў прыватных кантактах яму павінны выразна сказаць, што санкцыі будуць доўгачасовымі. Таксама Захад павінен сказаць Пуціну, што хоць Украіне і не аказваюць ваенную дапамогу, але гэтая і іншыя опцыі і ў далейшым магчымыя, мы сур’ёзна разглядаем гэты варыянт. Калі яго балянс будзе парушаны, калі Пуцін апынецца на слабых пазыцыях, тады можна будзе абмяркоўваць рамкі дыпляматычнага ўрэгуляваньня. Нам трэба разгледзець гэты варыянт.

На мой погляд, ключом да ўрэгуляваньня і спосабам для Пуціна захаваць твар павінна быць дэклярацыя, прынятая кіраўніцтвам Украіны і падтрыманая Захадам, што Ўкраіна ня будзе гвалтоўна вяртаць Крым. Аб прызнаньні анэксіі гаворка не ідзе — ні з боку Ўкраіны, ні з боку Захаду. Але варта сказаць: мы ня будзем выкарыстоўваць ваенныя сродкі. Калі будзе прастор для дамоўленасьцяў, варта было б таксама адкрыць Крым для нармальнага бізнэсу, для нармальнай камунікацыі, то бок спыніць блякаду паўвострава. Але ў абмен на гэта Расея павінна вывесьці свае войскі, спыніць забесьпячэньне сэпаратыстаў, прызнаць, што тэрыторыя Ўкраіны непадзельная. Гэта будзе рамкамі дамоўленасьцяў — ня сёньня, калі Расея адчувае сябе моцнай, а заўтра, у выпадку, калі мы зробім усё правільна, Расея адчуе сябе слабай. Але пра гэта трэба пачынаць думаць цяпер.