Былая прыёмная маці просіць дапамогі ў Лукашэнкі

Ірына Моцная

Магілёўскі абласны суд усумніўся ў правамернасьці рашэньня Клімавіцкага раённага суду, які пакараў сына былой маці-выхавацелькі Ірыны Моцнай Віталя буйным штрафам за нібыта абразу міліцыянта. Раённы суд мусіць паўторна разгледзець справу дзевятнаццацігадовага хлопца. Ірына Моцная настойвае, што яе сын ня мог абразіць супрацоўніка міліцыі, а сам міліцыянт, калі прыйшоў да іх у дом, паводзіў сябе з выклікам.

Да 12 ліпеня 2014 году сям’я Моцных гадавала прыёмных дзяцей. Пасьля расфармаваньня прытулку Ірына Моцная адмаўлялася аддаваць прыёмную дзятву, спасылаючыся на адсутнасьць аргумэнтацыі з боку раённага аддзелу адукацыі пра прычыны такога рашэньня і на клопат пра псыхалягічны стан дзяцей. Забраць дзяцей спрабавалі з дапамогай міліцыі. Падчас адной з такіх спробаў, як заяўляюць міліцыянты, Віталь Моцны пачаў іх абражаць.

«Клімавіцкі суд прызнаў Віталя вінаватым, і даў яму тры мільёны 750 тысяч рублёў штрафу за тое, што ён назваў міліцыянта нібыта „маральным уродам“. Сын настойвае, што гэтага не казаў», — заяўляе Ірына Моцная.

Падчас міліцэйскага візыту самой жанчыны не было дома. У двары былі толькі дзеці. З матэрыялаў справы вынікае, што Віталь Моцны размаўляў з супрацоўнікам міліцыі Дзянісам Герасімавым груба. Празь месяц пасьля падзеяў міліцыянт зьвярнуўся з пазовам у суд, абвінаваціўшы хлопца ў абразе пры выкананьні службовых абавязкаў.

Віталь Моцны

Прыёмных дзяцей зь сям’і Моцных усё ж забралі. Тое, як гэта адбылося, атрымала шырокі грамадзкі розгалас. Ірыну Моцную, яе родную дачку Натальлю ды сына Віталя гвалтам даставілі ў райаддзел міліцыі. Супраць Віталя скарысталі спэцсродкі — кайданкі. У міліцыі затрыманыя прабылі больш за дзесяць гадзін. За гэты час прыёмных дзяцей і забралі з расфармаванага прытулку.

Пазьней Клімавіцкі суд пакараў Ірыну Моцную штрафам у 750 тысяч рублёў за самаўпраўства. Паводле выраку, яна незаконна ўтрымлівала прыёмных дзяцей, калі аддзел адукацыі Клімавіцкага райвыканкаму ўжо быў звольніў яе з пасады выхавацелькі.

Вядома, што супраць Ірыны Моцнай распачата і крымінальная справа. Яе вінавацяць у зьбіцьці прыёмных дзяцей. 24 верасьня ў межах расьсьледаваньня гэтай справы ў Моцнай правялі ператрус, забралі кампутар:

«Паказалі мне санкцыю пракурора. На рукі яе не далі. Аргумэнтавалі тым, што ў кампутары ёсьць перапіска дзяцей. Казалі, што нібыта крымінальная справа супраць мяне распачата і яны маюць права забраць кампутар. Як толькі я раблю нейкі крок, каб абараніць сябе, тут жа ідзе дзеяньне ў адказ. Я цяпер баюся, каб яны ў кампутар чаго не „закінулі“ супраць мяне кампрамэтуючага», — выказваецца Ірына Моцная.

Ірына Моцная зь дзецьмі

Днямі Ірына Моцная зьвярнуся да Аляксандра Лукашэнкі з адкрытым лістом.

«Я мяркую, — кажа жанчына, — што да яго не даходзіць уся інфармацыя пра тое, што адбываецца ў Клімавічах. Тут усё павязана. Няхай я, згодная, у нечым памылялася. Але так не бывае, што вінаватая толькі я, а чыноўнікі ні пры чым».

Сям’я Моцных апекавалася шасьцю прыёмнымі дзецьмі. Жыла яна ад 2008 году ў катэджы, збудаваным паводле прэзыдэнцкай праграмы «Дзеці Беларусі». Як кажа Моцная, стварыць прытулак, які стаў першым у раёне, прапанавалі ёй самі чыноўнікі. Праблемаў з выхаваньнем прыёмнай дзятвы, цьвердзіць Ірына Моцная, у яе не было. Зьявіліся яны, калі муж скончыў жыцьцё самагубствам. Да гэтага яна скардзілася памочніку прэзыдэнта, што мясцовае чынавенства не дапамагае прытулку ў вырашэньні гаспадарчых праблемаў. Канфлікт з аддзелам адукацыі яна зьвязвае з гэтай скаргай.

Паводле беларускага заканадаўства, калі памірае адзін з карміцеляў, дзіцячы дом сямейнага тыпу расфармоўваецца. У выпадку з Моцнай у загадзе аб скасаваньні зь ёй працоўных адносінаў названая яшчэ адна прычына — «амаральны ўчынак, несумяшчальны з выкананьнем абавязкаў выхавацелькі». Ад 12 ліпеня, калі Моцная даведалася пра рашэньне аб расфармаваньні прытулку, яна, як сама сьцьвярджае, намагалася даведацца, што такога яна зрабіла. Пазьней высьветлілася, што на яе напісала скаргу бабуля дзьвюх яе гадаванак. Ці ёсьць доказы віны Моцнай, невядома.