Горадня: Незалежнага журналіста судзяць другі раз за год

Андрэй Мялешка

2 кастрычніка суд Гарадзенскага раёну пачне разглядаць адміністрацыйную справу супраць незалежнага журналіста-фрылансэра Андрэя Мялешкі.

Яго вінавацяць у незаконным вырабе і распаўсюдзе інфармацыйнай прадукцыі.

Сёлета 16 чэрвеня суд Кастрычніцкага раёну Горадні ужо штрафаваў журналіста на 4,5 мільёна рублёў за матэрыял, падрыхтаваны для «Беларускага радыё Рацыя», якое трансьлюецца з Польшчы. Рашэньне вынес судзьдзя Дзьмітры Кедаль.

Сёлета гэта ўжо дзявятая падобная справа супраць журналістаў за працу без акрэдытацыі на замежныя СМІ.

Цягам году за гэта былі аштрафаваныя сябры Беларускай асацыяцыі журналістаў Алесь Дзянісаў, Алесь Залеўскі, Марына Маўчанава, Андрэй Мялешка. Пакуль невядомы вынік спраў супраць Аляксандра Буракова, Міхаіла Аршынскага. Супраць журналіста Віталя Сямашкі справу закрылі.

Шасьцёра журналістаў у гэтым годзе атрымлівалі папярэджаньні пракуратуры за супрацоўніцтва з замежнымі СМІ без акрэдытацыі.