Лукашэнка звольніў Натальлю Пяткевіч

Натальля Пяткевіч

Кіраўнік дзяржавы Аляксандар Лукашэнка вызваліў Натальлю Пяткевіч ад пасады памочніка прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь.

Звальненьне адбылося паводле згоды бакоў, паведамляе прэзыдэнцкая прэс-служба.

У верасьні 2011 году Аляксандар Лукашэнка прызначыў Натальлю Пяткевіч сваім памочнікам. Раней гэтую пасаду займаў Уладзімер Матвяйчук.

Тады яна вярнулася ў блізкае атачэньне Лукашэнкі пасьля 8 месяцаў няпэўнасьці. На пачатку 2011 году яе адхілілі ад пасады першай намесьніцы кіраўніка адміністрацыі прэзыдэнта, яна заставалася на грамадзкай працы — старшынёй Беларускай фэдэрацыі гарналыжнага спорту і сноўборду.

З 2009 году да сьнежня 2010-га Натальля Пяткевіч працавала першым намесьнікам кіраўніка адміністрацыі прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь. У 2001-2004 гадах яна была прэс-сакратаром прэзыдэнта. У 2004-2009 гадах — намесьнікам кіраўніка адміністрацыі прэзыдэнта.

Пяткевіч уваходзіць у сьпіс асобаў, якім забаронены ўезд у Эўразьвяз.

Апошнія кадравыя перастаноўкі ў прэзыдэнцкім атачэньні:

15 верасьня Мікалай Дамашкевіч адпраўлены ў адстаўку з пасады памочніка прэзыдэнта — галоўнага інспэктара па Віцебскай вобласьці. На гэтую пасаду прызначаны Мікалай Шарсьцьнёў.

11 верасьня Лукашэнка вызваліў ад пасады начальніка Службы бясьпекі прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь палкоўніка Андрэя Ўцюрына і прызначыў яго намесьнікам дзяржаўнага сакратара Савету бясьпекі.

4 верасьня Лукашэнка звольніў сваім указам Аляксандра Каляду з пасады дырэктара Дэпартамэнту па гуманітарнай дзейнасьці Кіраўніцтва спраў прэзыдэнта «за сыстэматычнае невыкананьне без паважных прычын абавязкаў, ускладзеных на яго працоўнай дамовай».