Алесін: Беларусь страчвае частку свайго сувэрэнітэту

Аляксандар Алесін

Расея ў 2016 годзе створыць авіябазу СУ-27 у Бабруйску. З такой заявай у Казані выступіў галоўнакамандуючы ВПС Расеі Віктар Бондараў. Чаму расейскія вайскоўцы вырашылі перанесьці авіябазу з Баранавіч у Бабруйск? Што афіцыйны Менск запатрабуе ад Масквы ў адказ на разьмяшчэньне авіябазы? На гэтыя пытаньні адказвае беларускі вайсковы аналітык Аляксандар Алесін.

— «Авіябаза ВПС Расеі ў Беларусі будзе створана ў 2016 годзе. Там будуць базавацца зьнішчальнікі Су-27», — сказаў Бондараў журналістам у ходзе трохдзённай паездкі па аб’ектах Ваенна-паветраных сілаў. Чаму абраны менавіта Бабруйск? Бо раней паведамлялася, што гэтая база будзе месьціцца ў Баранавічах.

— Я лічу, што гэта зьвязана з тым, што Польшча заключыла пагадненьне з ЗША пра пастаўкі крылатых ракет вялікай дальнасьці (кілямэтраў на 400). І гэта дазволіць з тэрыторыі Польшчы даставаць баранавіцкі аэрадром, нават не далятаючы да Беларусі. І мне здаецца, што расейскае камандаваньне вырашыла адсунуць сваю базу больш на ўсход, каб польскія ракеты не маглі дастаць гэтую базу.

— Ці патрэбна гэта база Беларусі? Можа, цяперашні афіцыйны Менск зацікаўлены ў тым, каб Расея абараняла паветраную прастору краіны? Ці гэтая база выключна абараняе расейскія інтарэсы на беларускай тэрыторыі?

— Я думаю, Беларусь ніяк не зацікаўленая ў гэтай базе. Ёй было б выгадна, каб Расея паставіла новыя самалёты альбо дапамагла б мадэрнізаваць старое. Беларусь дала б рады сама з абаронай свайго неба.

А на гэтай авіябазе будуць базавацца самалёты з вялікімі ўдарнымі магчымасьцямі па зямлі, гэта наступальная зброя, як я мяркую. Мэты — гэта аб’екты СПА ў Польшчы, якія могуць зьявіцца, а таксама будучыя базы ў краінах НАТО, суседзях Беларусі.

— Ці Беларусь пагадзіцца на расейскую базу «задарма», ці Менск будзе патрабаваць нейкія новыя даброты ў абмен на гэта?

— Я думаю, Расея ўжо шмат чаго праплаціла за гэтую базу. Мы ведаем і пра крэдыт, і пра перадачу Беларусі мытаў за нафту. Гэта своеасаблівая ўгода — Расея працягвае спансіраваць цяперашнюю ўладу, а Беларусь страчвае частку свайго сувэрэнітэту, пагаджаючыся на разьмяшчэньне расейскай базы на сваё тэрыторыі.