Леанід Сьвірыдаў: «Усё адбываецца на фоне антырасейскай гістэрыі ў Польшчы»

Леанід Сьвірыдаў

У Польшчы пачалася працэдура пазбаўленьня віду на жыхарства карэспандэнта інфармагенцтва «Россия Сегодня» Леаніда Сьвірыдава. 24 кастрычніка МЗС Польшчы пазбавіў журналіста акрэдытацыі.

Паводле польскіх СМІ, карэспандэнта расейскага агенцтва Леаніда Сьвірыдава падазраюць у шпіянажы, а таксама ў дзейнасьці, якая выходзіць за рамкі абавязкаў журналіста. Польскія ўлады падазраюць Сьвірыдава ў «дзіўных сувязях» зь бізнэсам і лобі.

29 кастрычніка ў абарону журналіста выступіў МЗС Расеі.

Леанід Сьвірыдаў паходзіць зь Беларусі і раней працаваў уласным карэспандэнтам расейскага тэлеканалу РТР у Менску. Ён даў эксклюзіўнае інтэрвію Радыё Свабода.

— Колькі гадоў вы працуеце ў Варшаве?

— Я ў Варшаве працую з 2003 года, то бок ужо 11 гадоў. На законных падставах, з акрэдытацыяй. Акрэдытацыя падаўжалася кожны год без праблем. Адзінае, летась палякі памянялі парадак падаўжэньня акрэдытацыі. Раней гэта рабілася аўтаматычна, трэба было толькі прынесьці дакумэнты, і на наступны дзень табе выдавалі новую картку. А ў мінулым годзе тэрміны павялічыліся да месяца. Усе замежныя журналісты былі вельмі зьдзіўленыя, але, тым ня менш, усе праз месяц атрымалі акрэдытацыю.

Знаёмствы Леаніда Сьвірыдава ў Польшчы

— Ну, як ў Беларусі, дзе МЗС таксама разглядае дакумэнты тэрмінам да месяца.

— Так, відаць, бяруць прыклад зь Беларусі.

— Пазбавілі акрэдытацыі — зь якой фармулёўкай, як тлумачылі?

— Фармулёўкі ніякай няма. У дакумэнце напісана, што ў мяне анулюецца акрэдытацыя, і я не магу карыстацца тытулам «замежны карэспандэнт, акрэдытаваны ў Польшчы пры выкананьні сваіх журналісцкіх абавязкаў». То бок па-ранейшаму я магу выконваць свае журналісцкія абавязкі. Але ня маю статусу «замежнага карэспандэнта, акрэдытаванага ў польскім МЗС». Ніякіх іншых фармулёвак няма. Я пытаўся ў кіраўніка прэсавай службы МЗС, што ён можа патлумачыць. Ён адказаў, што нічога ня можа дадаць да таго, што напісана ў дакумэнце.

— Але ў Беларусі журналіст ня можа працаваць на замежныя СМІ без акрэдытацыі МЗС, інакш у яго будуць праблемы, папярэджаньні пракуратуры, іншыя пакараньні...

— У Польшчы праца без акрэдытацыі магчымая. Больш за тое, я потым размаўляў з прэсавым сакратаром польскага МЗС Марцінам Вайцяхоўскім, і запытаўся, ці магу я працаваць у Польшчы як журналіст без акрэдытацыі МЗС Польшчы. Ён адказаў, што так, бо польскае заканадаўства не рэгулюе такія рэчы. Так што магу працаваць без акрэдытацыі.

— Цяпер польскія СМІ пішуць, што падазраюць вас у шпіянажы. Але няма доказаў. Як гэта патлумачыць?

— Ёсьць такое ёмістае польскае слова «trudno». Ну калі няма доказаў — то іх няма. Я чалавек публічны, за столькі гадоў працы са мной пазнаёміліся даволі шмат людзей. За ўсе гэтыя гады, калі б польскія спэцслужбы хацелі (а мне падаецца, яны хацелі, і спрабавалі штосьці шукаць і рабіць), то яны ўжо прагледзелі ўсю маю электронную пошту, праслухалі ўсе мае тэлефонныя размовы, 33 разы паставілі і замянілі праслухоўваючае прыстасаваньне ў маім аўтамабілі... Калі за столькі гадоў яны нічога не знайшлі — а знайсьці было немагчыма, таму што нічога не было — ну пра што гаварыць? Які шпіянаж? Я ведаю, што я чысты.

Але цяпер палякі ўжо ня кажуць, што гэта шпіянаж. Зараз зьявілася новая вэрсія, я прачытаў у польскіх газэтах. Гэта называецца «белая выведка». Ёсьць такі дзіўны тэрмін у Польшчы. «Белай выведкай» займаецца кожны чалавек (і ня толькі журналіст), які чытае газэты, глядзіць тэлевізар, слухае радыё. То бок мы чэрпаем інфармацыю з афіцыйных крыніцаў, значыць, займаемся «белай выведкай». Але ўсе журналісты бяруць інфармацыю ў тым ліку і з афіцыйных крыніцаў. У Польшчы гэта называецца «biały wywiad» (cьмяецца).

— Яшчэ польскія мэдыі пішуць, што вы адмаўляеце сваё супрацоўніцтва са спэцслужбамі. Быццам вы казалі, што такая прапанова была зробленая, але вы яе не прынялі...

—Так, я гэта казаў. У мяне запытваліся, ці працую я са спэцслужбамі. Я адказаў, што ніколі не супрацоўнічаў ні зь якімі спэцслужбамі ніякіх краінаў сьвету. Але магу сказаць, што мне прапаноўвалі працаваць са спэцслужбамі. І гэта не была Расея.

— Ну а падазрэньні ў «дзіўных сувязях з бізнэсам і лобі», і дзейнасьці, якая перакрочвала афіцыйныя абавязкі журналіста«. Што гэта азначае?

— Я таксама не магу зразумець, як зразумець, што мая дзейнасьць выходзіла за межы працы журналіста. Бо праца журналіста — гэта вельмі шырокі панятак. Калі я ўвечары з кімсьці сустракаюся альбо п’ю каву, гэта выходзіць за межы працы журналіста? Што тычыцца лабіяваньня нечыіх інтарэсаў, я таксама лічу, што гэта абсурд. Я працую ў буйной агенцыі «РИА-Новости», і штогод мы арганізоўвалі па 2 — 3 вялікія прэс-туры. Я, напрыклад, ладзіў прэс-тур польскіх журналістаў для «Газпрому», калі пачыналі цягнуць нітку газаправоду «Nord Stream». Дакладна не памятаю колькасьць, але была там і група Польскага тэлебачаньня, у тым ліку і цяперашні ўласны карэспандэнт Польскай тэлевізіі ў Маскве Яцак Гасіньскі. І Гасіньскі зараз сядзіць у Маскве і баіцца, што яго расейскі МЗС таксама пазбавіць акрэдытацыі. Звычайныя журналісцкія паездкі, стажыроўкі — гэта што: выхад за свае паўнамоцтвы?

Напрыклад, польская фірма «Mlekovita», якая вырабляе малочныя прадукты, сыры, запрашае расейскіх журналістаў, каб тыя паглядзелі, як працуе прадпрыемства, і пераканаліся ў тым, што польскія прадукты вельмі высокай якасьці, і іх пара вяртаць ужо на расейскі рынак. Гэта што, шпіянаж? Праца на карысьць «Mlekovita»?

— Днямі па просьбе Агенцтва ўнутранай бясьпекі Польшчы мазавецкі ваявода распачаў працэдуру пазбаўленьня Вас віду на жыхарства. Што гэта азначае?

— Гэта працэдура ануляваньня віду на жыхарства. Я атрымаў афіцыйнае паведамленьне, што мазавецкі ваявода распачаў гэтую працэдуру. Мяне запрашаюць на размову 19 лістапада на падставе прадстаўленьня Агенцтва ўнутранай бясьпекі. Наагул, сытуацыя беспрэцэдэнтная, гэта першы такі выпадак у гісторыі Польшчы. Таму я ня ведаю, як выглядае гэта працэдура. Гэта ж не судовы працэс. Але я ня ведаю, ці можа там прысутнічаць адвакат ці мае давераныя асобы. Калі будзе прынятае рашэньне ў першай інстанцыі, я таксама ня ведаю. Калі рашэньне будзе не на маю карысьць, я магу яго абскардзіць ў другой інстанцыі — ва Ўправе па справах замежнікаў у Польшчы. Калі другая інстанцыя таксама прымае нэгатыўнае рашэньне, я буду павінен цягам 30 дзён пакінуць краіну.

Тэарэтычна я ведаю, што калі улада палічыць, што так трэба — яна гэта зробіць. Прычым, зусім неістотна, гэта польская ўлада, амэрыканская ці нейкія іншыя. Калі ўлада захоча, яна давядзе справу да лягічнага канца. Я толькі не магу зразумець, ці ёсьць ў гэтым сэнс? Як учора сказаў намесьнік старшыні Сэйму Польшчы па міжнародных справах прафэсар Тадэуш Івіньскі, калі будзе такое рашэньне, яно наўрад ці пойдзе на карысьць расейска-польскім адносінам. Тым больш, што прафэсар ведае мяне ўжо больш за 10 гадоў.

— Некалькі гадоў таму ў Вас быў скандал у Чэхіі, таксама пазбавілі акрэдытацыі і падазравалі ў шпіянажы. Зараз у Польшчы. Чаму? Ёсьць тут нейкая сувязь?

— Што тычыцца тых сьмешных чэскіх гісторый, яны ніяк не зьвязаныя з гэтай польскай. Наагул, я лічу, што ўсё гэта адбываецца на агульным тле антырасейскай гістэрыі. Канечне, усё гэта зьвязана з Украінай, з Крымам, з выбарамі ва Ўкраіне. У Польшчы шукаюць шпіёнаў. Польшча настолькі важная краіна, у ёй такая колькасьць шпіёнаў, што злавіць іх немагчыма! Ну і яшчэ адна прычына: 16 лістапада ў Польшчы муніцыпальныя выбары.

— 11 гадоў Вы ўжо працуеце ў Польшчы. Паводле вашых адчуваньняў, ці зьмянілася стаўленьне да расейскіх журналістаў, наагул да расейцаў у Польшчы ў сувязі з украінскімі падзеямі?

— Безумоўна, зьмянілася. Бо польскі ўрад прыняў пазыцыю, што краіна знаходзіцца ў перадваенным становішчы. І гэта накручваецца з усёй сілай. Зьмянілася стаўленьне наагул да ўсіх журналістаў. Калі ты кажаш нешта іншае, што не ўкладваецца ў дзяржаўную канцэпцыю польскую — то ўсё, ты ўжо вораг. І нягледзячы на тое, што былы прэм’ер Дональд Туск зьяжджае ў Брусэль, былы міністар замежных спраў Радаслаў Сікорскі сыходзіць на пасаду старшыні парлямэнту, новы ўрад пані Копач праводзіць тую ж самую палітыку. Тое, што стаўленьне да журналістаў кардынальна зьмянілася за апошнія некалькі месяцаў у горшы бок — гэта праўда.

— Вы — грамадзянін Расеі. Але беларускага паходжаньня, у Беларусі вучыліся, працавалі, тут жыве ваш бацька. Калі пазбавяць віду на жыхарства ў Польшчы, куды вернецеся?

— Ой... Пытаньне насамрэч вельмі глябальнае. Скажу адно: дадому вяртацца заўсёды добра і прыемна. Як павернецца сытуацыя — меркаваць, прагназаваць цяжка. У прынцыпе, сытуацыя настолькі нечаканая і экстрэмальная, кожны дзень зьяўляюцца нейкія новыя павароты. Натуральна, я вельмі перажываю, у апошнія дні ў мяне пастаянны стрэс, узьняўся ціск...

Магу сказаць, што амаль за 25 гадоў існаваньня новай Польшчы гэта першы выпадак ануляваньня акрэдытацыі замежнаму карэспандэнту. Больш за тое, калі так адбудзецца, што я буду вымушаны пакінуць краіну, гэта будзе першы выпадак у гісторыі Эўропы, калі журналіст пазбаўлены віду на жыхарства і вымушаны пакінуць Эўропу.

— Вы працуеце ў буйной кампаніі, мэдыяхолдынгу «Россия Сегодня». А ці дапамагаюць працадаўцы? Ці заступаецца за вас такая вядомая мэдыйная пэрсона як Дзьмітрый Кісялёў?

— Так, наколькі я ведаю, пра маю неардынарную сытуацыю праінфармавалі Дзьмітрыя Кісялёва. Зараз ў Маскве рыхтуюцца афіцыйныя запыты ў МЗС Польшчы, ва Ўправу па справах замежнікаў Польшчы. Мае калегі, журналісты з краінаў Балтыі рыхтуюць ліст прадстаўніцы АБСЭ па пытаньнях свабоды СМІ Дуне Міятавіч, каб яна выступіла ў маю абарону. Насамрэч усё выглядае як перашкода ў працы журналіста.

Леанід Сьвірыдаў нарадзіўся ў 1966 годзе. У 1988 годзе скончыў Беларускі палітэхнічны інстытут па спэцыяльнасьці «інжынэр-матэматык». У 1995 — Вышэйшую школу міжнароднай журналістыкі ў Даніі. Працаваў у газэце «Рэспубліка», уласным карэспандэнтам РТР у Беларусі. Пасьля рэфэрэндуму 1996 года зьмяніў беларускае грамадзянства на расейскае. З 1997 года — уласны карэспандэнт РТР ў краінах Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропы. У 2006 годзе МЗС Чэхіі не працягнуў журналісту акрэдытацыю, а некаторыя чэскія СМІ абвінавацілі Сьвірыдава ў шпіянажы. З 2009 года — карэспандэнт «РИА Новости» (рэгіён Польшча, Чэхія, Славаччына).