Акудовіч: «Дракахруст — гэта філёзаф-эсэіст»

Кніга Юр’я Дракахруста «Сем худых гадоў»

Кніжная сэрыя «Бібліятэка Свабоды» папоўнілася новым выданьнем. Гэта збор блогаў нашага калегі Юрыя Дракахруста, сабраныя аўтарам за сем гадоў. Адсюль і назва — «Сем худых гадоў». Сваімі першымі чытацкімі ўражаньнямі пра новую кнігу Юрыя Дракахруста дзеліцца філёзаф Валянцін Акудовіч.

Валянцін Акудовіч

«Як толькі не абзываюць Юр’я Дракахруста: журналіст, палітычны аглядальнік, блогер, дасьледчык сацыяльна-палітычнай сфэры, экспэрт, аўтар „Праскага акцэнту“, палітычны аналітык і г. д. Аляксандар Лукашук нават усю прадмову да кнігі „Сем худых гадоў“ прысьвяціў пытаньню: хто ён такі насамрэч гэты Дракахруст? І дадаў да майго сьпісу яшчэ шмат чаго рознага — вылучу „экспэрымэнтальны палітоляг“ і „сын паэта“.

Такое няспыннае розначытаньне наробку Дракахруста дазваляе мне казаць пра яго як пра адмысловы фэномэн. Бо ўсё гэтае мноства відавочна сьведчыць, што кожнае зь іх паасобку і блізка не тлумачыць ягоную творчую сутву. Хаця, як мне здаецца, і ўсе разам яны ня шмат што тлумачаць. Але ў чым тут справа? Можа, у тым, што нідзе яшчэ, акрамя як у полі палітычнага, яму не шукаюць тоеснага месца?

Тады давайце прыслухаемся да экстравагантнай падказкі Аляксандра Лукашука: сын паэта. Калі мы так зробім, дык першае, што нам кінецца ў вочы — гэта стыль. Адметны літаратурны стыль. Лёгкі, празрысты, трошкі паблажліва-іранічны ці скептычна-ўзьнёслы, але заўсёды з дакладна вывераным словам... Між іншым, выключна рэдкая зьява ня толькі для беларускіх, але і якіх заўгодна іншых „палітычных“ аглядальнікаў.

І калі мы ў зададзеным накірунку рушым далей, то досыць хутка зразумеем, што насамрэч Дракахруст працуе ў жанры эсэ, якое заўсёды ёсьць вытворным ад „я“, якое „мысьліць“. Гэта якраз пра нашага героя.

Карацей кажучы, лепшыя яго тэксты ёсьць нічым іншым, як філязофскімі эсэ. (Для недаверкаў раю вырваць з паліталягічнага кантэксту і прачытаць, скажам, такія яго эсэ як „Усходнеславаянскія італьянцы...“ альбо „Пра адзінства беларусаў“, натуральна, і шмат якія яшчэ).

Таму, каб я быў укладальнікам зборніка „Філязофскія эсэ“ сучасных беларускіх аўтараў, дык месца тэкстам Юры Дракахруста там было б забясьпечанае».

Атрымаць кнігу «Сем худых гадоў» з аўтографам аўтара Юрыя Дракахруста можна будзе 3 сьнежня на прэзэнтацыі ў менскай сядзібе БНФ, па вуліцы Чарнышэўскага 3, пачатак а 18-й гадзіне.

Або дашліце запыт на адрас rferl.minsk@gmail.com, і Вам дашлюць кнігу поштай.