Парашэнка: Нямцоў рыхтаваўся апублікаваць матэрыялы па Данбасе

Пятро Парашэнка

Прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка заявіў, што забіты расейскі апазыцыйны палітык, крытык Крамля Барыс Нямцоў зьбіраўся апублікаваць сьведчаньні датычнасьці Масквы да канфлікту на Данбасе.

Паводле Парашэнкі, некалькі тыдняў таму ў яго была размова зь Нямцовым. «Ён казаў, што павінен паведаміць пераканаўчыя доказы ўдзелу расейскіх Узброеных Сіл у падзеях ва Ўкраіне, і Барыс не баяўся гэтага», — цытуе Парашэнку агенцтва УНІАН.

Масква абвінавачваньні ў падтрымцы сэпаратыстаў на ўсходзе Ўкраіны адхіляе.

Парашэнка назваў Нямцова вялікім сябрам Украіны і патрыётам Расеі.

Ён змагаўся і аддаваў усё магчымае для абароны свабоды ў сваёй краіне.

«Ён змагаўся і аддаваў усё магчымае для абароны свабоды ў сваёй краіне. 1 сакавіка ён павінен быў прадэманстраваць, што ёсьць іншая Расея, якая любіць Украіну, паважае правы і свабоды людзей», — заявіў украінскі прэзыдэнт.

У суботы на Майдане ў цэнтры Кіева была арганізаваная акцыя памяці Барыса Нямцова. Як адзначае УНІАН, сабрацца менавіта тут вырашылі ў сувязі з тым, што Нямцоў ня раз бываў на майдане Незалежнасьці і падчас Аранжавай рэвалюцыі, і падчас Рэвалюцыі годнасьці — так ва Ўкраіне называюць масавыя выступы прыхільнікаў эўраінтэграцыі 2013-2014 гадоў, якія прывялі да зьмены ўлады ў краіне.

На наступны дзень пасьля забойства Барыса Нямцова ўкраінцы несьлі кветкі і сьвечкі да яго фатаграфіяў на Майдане. Акцыю арганізавалі праз сацыяльныя сеткі.