Бялкоўскі: «Пуцін зьлівацца ня мае намеру»

Станіслаў Бялкоўскі

Палітоляг Станіслаў Бялкоўскі ў размове з расейскай службай Радыё Свабода абмяркоўвае забойства Барыса Нямцова, магчымую рэакцыю Ўладзіміра Пуціна ды ўплыў гэтай падзеі на расейскую апазыцыю.

Бялкоўскі: Ну якая, скажыце, апазыцыя можа быць у краіне, у якой не існуе інстытуту дэмакратычных выбараў і свабоднага доступу да сродкаў масавай інфармацыі агульнанацыянальнага значэньня? У такой краіне апазыцыі проста ня можа быць! Я згодны, зрэшты, і з тым, што лідэры апазыцыі нясуць пэўную адказнасьць за паслабленьне сваіх пазыцый, але ў цяперашніх расейскіх умовах казаць пра тое, што апазыцыя наогул можа існаваць, было б не зусім дасьціпна. Яна ня можа цяпер існаваць, сапраўдная апазыцыя ў Расеі паўстане толькі ў момант зьмены палітычнага рэжыму. Якая апазыцыя магла быць, напрыклад, у Савецкім Саюзе пры Л. Брэжневе? Яна магла быць у асобе акадэміка Сахарава, але мы ж ня будзем крытыкаваць Андрэя Дзьмітрыевіча за тое, што большасьць насельніцтва ў краіне нічога пра яго ня ведала! Яно і не магло пра яго ведаць!

РС: Адначасова некаторыя вашы калегі лічаць, што над магілай Барыса Нямцова тыя апазыцыйныя лідэры, якія засталіся ў жывых, змогуць забыць свае рознагалосьсі і аб’яднацца — у прыватнасьці, для ўзмацненьня партыі РПР-ПАРНАС.

Бялкоўскі: У мяне такой надзеі няма ні на грош, таму што апазыцыйныя лідэры ўжо над якімі толькі магіламі не зьбіраліся аб’ядноўвацца, пачынаючы ад магілы Галіны Старавойтавай. Не, на жаль, барацьба асабістых амбіцый апазыцыйных лідэраў, іх спроба гандляваць уласным рэсурсам з Крамлём не прывядзе да аб’яднаньня. Сёньня я лічу адзінымі сур’ёзнымі фігурамі апазыцыйнага толку Аляксея Навальнага і Міхаіла Хадаркоўскага, на іх і трэба арыентавацца. Гэта ня значыць, што яны перамогуць, гэта таксама ня значыць, што яны ня могуць растраціць свой рэсурс, але калі праводзіць замер стану грамадзтва на сёньня, толькі гэтыя людзі могуць нешта рэальна зрабіць у сэнсе ўтрыманьня ўвагі да апазыцыйнага парадку дня. Таму што яны рэальна хочуць прыйсьці да ўлады і не жадаюць прадацца Крамлю.

РС: Хадаркоўскі неаднаразова заяўляў, што гэта не зьяўляецца яго мэтай.

Бялкоўскі: Ён заяўляў рознае. Па меншай меры, Хадаркоўскі заяўляў, што гатовы быць пераходным прэзыдэнтам, а гэта, мякка кажучы, несынанімічныя заявы аб тым, што ён ня хоча прыйсьці да ўлады. Як чалавек, які зь Міхаілам Барысавічам неаднаразова меў зносіны, я лічу, што ён хоча прыйсьці да ўлады. Хоць я не зьяўляюся прадстаўніком Хадаркоўскага і прашу не трактаваць мае словы як заяву, якая аўтэнтычна сьведчыць аб яго намерах.

РС: Забойства Барыса Нямцова неяк зрушыла зь месца палітычную сытуацыю ў Расеі?

Бялкоўскі: Яно ўмацавала канчатковае ўяўленьне пра тое, што ў краіне пануе беззаконьне, што ніякія канвэнцыі пост-ельцынскага пэрыяду ўжо не працуюць. І ў гэтым сэнсе, пры ўсёй павазе да Барыса Яфімавіча і да яго памяці, нічога якасна новага ў разуменьне сёньняшніх расейскіх рэалій злачынства на Маскварэцкім мосьце ня ўносіць. І сытуацыя ясьнейшай ня стала. Стала толькі яшчэ больш зразумела: можа быць усё што заўгодна.

РС: З гэтым злачынствам, на вашу думку, могуць быць зьвязаныя спэцслужбы і расейская дзяржава ў цэлым?

Бялкоўскі: Ну, чаму ж не? Забойства было арганізавана вельмі прафэсійна. Гэта дарагое забойства, яго не маглі зьдзейсьніць нейкія дылетанты і лохі. Я безумоўна лічу, што Пуцін не даваў заданьня ліквідаваць Нямцова, гэта зусім не ў інтарэсах расейскага прэзыдэнта. Аднак ва ўмовах палітычнага бяспраўя узьнікае шмат сілавых цэнтраў уплыву, якія цалкам не абавязаныя каардынаваць свае дзеяньні з найвышэйшым палітычным кіраўніцтвам краіны. Тут можа быць і чачэнскі сьлед, і наварасійскі сьлед: усюды шмат зброі, усюды шмат прафэсіяналаў, якія ўмеюць забіваць і любяць забіваць, вось нехта і забіў. Зь нейкімі структурамі ў дзяржаве гэтыя людзі могуць быць зьвязаныя, на жаль.

РС: Чаму гэта ня Пуцін?

Бялкоўскі: Гэта ня тактыка Уладзіміра Пуціна, ён не забівае сваіх палітычных апанэнтаў. Ён жа не забіў Хадаркоўскага, напрыклад! Калі Пуцін хоча расправіцца з палітычным апанэнтам, то, як правіла, выкарыстоўвае прававы працэс, як гэта было з Хадаркоўскім, як гэта адбываецца цяпер з Аляксеем Навальным. І вядома, Пуцін разумее: забойства Нямцова істотна памяншае яго шанцы памірыцца з Захадам, паўстаць у вачах заходніх лідэраў легітымным перамоўнікам па якіх бы там ні было міжнародных пытаньнях.

РС: Вы думаеце, Пуцін зацікаўлены ў тым, каб памірыцца з Захадам?

Бялкоўскі: Так, вядома, зацікаўлены, проста ён хоча мірыцца на сваіх умовах. Ён хоча быць Сталінам-2 у сэнсе міжнароднай палітыкі: Пуцін хоча «Ялту-2», хоча вяртаньня ялцінска-патсдамскага сьвету, дзе зафіксаваныя зоны ўплыву, і пэўная зона уплыву замацаваная за Расеяй, разгляданай у якасьці перамоўніка па ключавых пытаньнях сьветабудовы. Але гэта прымус Захаду да любові, а не да нянавісьці. Пуцін не зацікаўлены ў ізаляцыі, ён разглядае ізаляцыю толькі як часовую плату за прымус Захаду да любові. Сам гэты працэс патрабуе ахвяр.

РС: І, думаеце, Пуцін на верным шляху і ведае, што робіць?

Бялкоўскі: У яго разуменьні — безумоўна. Ён лічыць, што перамагае. І ў такой сытуацыі забойства Нямцова для яго — гэта яшчэ адзін малайзійскі «Боінг». Вось Пуцін лічыў, што ён амаль ужо перамог мінулым летам, і тут зваліўся малайзійскі «Боінг». Тое самае — забойства Нямцова, гэта такі эксцэс, які запавольвае дасягненьне мэты, але не спыняе працэсу.

РС: Ці азначае гэта, што вы згодныя з аналітыкамі, якія лічаць, што за забойствам Нямцова маглі стаяць палітычныя сілы, зацікаўленыя ў дыскрэдытацыі Пуціна?

Бялкоўскі: Не, я так зусім не лічу. Ад Чачні да Наваросіі — вось мой набор вэрсій. Але гэта злачынства не зьдзяйсьнялі сілы, якія зацікаўленыя ў дыскрэдытацыі Пуціна. За забойствам Нямцова стаяць сілы, якія зацікаўленыя ў тым, каб замацаваць новую ваенную рэальнасьць сучаснай Расеі.

РС: Чаму менавіта Нямцоў абраны ў якасьці ахвяры?

Бялкоўскі: Знакавых фігур у апазыцыі на тэрыторыі Расеі ўсяго дзьве— гэта Навальны і Нямцоў. Навальны знаходзіўся, на шчасьце для яго, як двухсэнсоўна гэта ні гучыць, у турме.

РС: Думаеце, Пуцін зацікаўлены ў тым, каб пакараць злачынцаў? Да яго слоў, сказаных у сераду (4 сакавіка) на калегіі МУС, варта ставіцца сур’ёзна?

Бялкоўскі: Забойцу Нямцова хутка знойдуць, пытаньне толькі ў тым, ці будзе гэта сапраўдны забойца або прызначаны.

РС: Мяркуючы па танальнасьці нашай гутаркі, вы лічыце, што палітычная сытуацыя ў краіне, па вялікім рахунку, нават не зварухнулася. Значыць, «пасьля сьмерці Нямцова мы прачнуліся ў іншай Расіі» — нельга сказаць?

Бялкоўскі: Мы прачнуліся ў іншай краіне пасьля анэксіі Крыму. Атмасфэра бяспраўя, якая пануе ў краіне з таго дня, пастаянна прадукуе надзвычайныя падзеі, і трагічная гібель Барыса Нямцова — адна з такіх падзей. Але не пераломная падзея, а лягічнае зьвяно ў ланцужку, спароджаным анэксіяй Крыму і разьвязанай ва Ўкраіне вайной.

РС: Гэты ланцужок і далей працягнецца?

Бялкоўскі: Вядома, сьмерць Нямцова — не апошняе зьвяно. Лёгіка вайны незваротная: пайшоў на вайну — працягвай ваяваць. З вайны значна складаней выйсьці, чым у яе ўвайсьці. Я ўсім заўсёды кажу: Пуцін зьлівацца ня мае намеру, не спакушайцеся. Ён можа тактычна рабіць выгляд, што ідзе на саступкі, што ён паніжае стаўкі, але гэта тактыка, а не стратэгія. Яго стратэгія — перамагчы. Як сказаў Пуцін Міхаілу Касьянаву ў дзень яго адстаўкі з пасады прэм’ер-міністра Расіі: «Я вас перажму». Вось сёньня гэтае «я вас перажму» ён трансьлюе Захаду, у першую чаргу ЗША, якія разглядае як галоўнага суперніка ў глябальнай сутычцы.

РС: На Захадзе гэта разумеюць?

Бялкоўскі: Мяркуючы паводле афіцыйнай рэакцыі Барака Абамы — так.