Moody’s лічыць дэфолт Украіны «практычна» непазьбежным

Рэйтынгавае агенцтва Moody’s панізіла крэдытны рэйтынг Украіны да перадапошняга ніжняга ўзроўню, папярэдзіўшы, што крэдыторам пагражаюць сур’ёзныя страты пры перамовах аб рэструктурызацыі доўгу з трымальнікамі аблігацый.

Хоць Кіеў вядзе папярэднія перамовы аб рэструктурызацыі большай часткі доўгу па эўрааблігацыях, рэйтынгавае агенцтва заявіла, што верагоднасьць дэфолту па выплаце крэдыту МВФ у 40 мільярдаў даляраў «складае практычна 100 працэнтаў».

Украіна пачала перамовы з крэдыторамі пра скарачэньне выдаткаў на абслугоўванне доўгу на 15 мільярдаў даляраў на працягу чатырох гадоў у рамках пакету дапамогі МВФ, ухваленага раней у гэтым месяцы. Moody’s паведамляе, што яго нэгатыўны прагноз адлюстроўвае чаканьні экспэртаў агенцтва, што дзяржаўны і зьнешні доўг Украіны застануцца высокімі, нягледзячы на рэструктурызацыю доўгу і пляны правесьці эканамічныя рэформы.

Міністар фінансаў Украіны Натальля Ярэська заявіла агенцтву Bloomberg раней на гэтым тыдні, што спад украінскай эканомікі ў першым квартале 2015 году можа скласьці 10%.

Яна таксама паведаміла, што з прычыны канфлікту з сэпаратыстамі золатавалютныя рэзэрвы краіны ў лютым зьнізіліся да рэкорднага ўзроўню 5,62 мільярда даляраў.​