Сяргей Харэўскі: Я ахвотна прызнаваў ягоныя вяршэнства і аўтарытэт

Мітынг у абарону Верхняга гораду ў Менску, 1988. Сяржук Вітушка і Сяргей Харэўскі

Менскую Талаку часоў «перастройкі» і яе лідэра Сержука Вітушку прыгадвае мастацтвазнаўца Сяргей Харэўскі:

Сяргей Харэўскі

Пра Сержука Вітушку я быў дазнаўшыся ад сваякоў, якія працавалі на заводзе «Інтэграл». Казалі, што знайшоўся ў іх адзін такі ж беларус…

Пасьля мяне ўжо зь ім пазнаёмілі Алесь Суша і Віктар Івашкевіч. Чамусьці запомніліся зімы «перастройкі», калі мы разам ладзілі розныя акцыі, кшталту Вальнага Сойму пад Ракавам, першы ў найноўшай гісторыі мітынг у абарону Верхняга гораду, у 1988-м, мітынг БНФ на стадыёне «Дынама»…

А ў цёплы сэзон, ад красавіка па кастрычнік я бадзяўся па Беларусі ў археалягічных экспэдыцыях Інстытуту «Белспэцпраектрэстаўрацыя». Таму зь Вітушкам былі толькі зімы. Зімы, калі я ахвотна прызнаваў ягоныя вяршэнства і аўтарытэт, падпадаючы, як і дзясяткі іншых младзёнаў пад уплыў ягонае абаяльнае харызмы. Выконваў ягоныя даручэньні, падстаўляў, дзе мог, плячо.

Вось пра тую эпоху першых мітынгаў ды імпрэзаў, першых Купальляў ды Гуканьняў, першых паходаў ды суботнікаў я ахвотна распавядаю сёньня моладзі, для якой такая вірлівая супраца, такое пачуцьцё самаадданага сяброўства ўжо невядомыя… Бо, перадусім, каб пагаварыць, нам даводзілася сустракацца ў рэальным жыцьці. То бок, нашае сяброўства было самай сапраўднай рэчаіснасьцю. У дождж і ў мароз. Яго не заменіць нішто. Больш нішто…

Я думаю, мае маладыя суразмоўцы мяне ніколі не зразумеюць да канца, нават калі й слухаюць з захапленьнем пра тыя трымтлівыя й шчасьлівыя, для нас, гады…

Пасьля я вучыўся ў Пецярбургу, перабраўся ў Вільню, дзе, празь які год, лёс зьвёў нас наноў. Гэтым разам яшчэ шчыльней, бо мы былі суседзямі, жылі дзьверы ў дзьверы, пару гадоў я выкладаў тамсама, дзе й Сяргей, у беларускай школцы. То бок, і на працу хадзілі разам. Сьвяткавалі разам усё, усё разам. А пасьля працавалі супольна на тэлевізіі, у перадачы Тацяны Дубавец «Віленскі сшытак». Атрымалася, што мы ведалі адзін пра аднаго ўсё! Ці амаль усё… У такім набліжэньні я ўгледзеў, што ён быў насамрэч чалавек сьціплы, самаахвярны, датклівы, які заўсёды найперш пераймаўся грамадзкімі справамі, балюча ўспрымаў недасканаласьць гэтага сьвету і, бадай, недасканаласьць колішніх паплечнікаў, якіх жыцьцё ўзалежніла ад банальнае паўсядзённасьці, азіраньня назад, страху застацца ззаду. Ён страшэнна пакутаваў маральна, дазнаючыся, калі нехта прысабечыў нешта супольнае, або саступіў сваім людзкім дробным слабасьцям.

Ён не азіраўся, ён заўжды йшоў толькі наперад. Часам і зусім самотны.

Гэтак у маім жыцьці назаўжды, неад’емна застануцца зьнітаваныя зь Сержуком Вітушкам гарачыя зімы «перастройкі», пачатак нашага рамантычнага віленскага пэрыяду, напоўненага гэтаксама плоймаю рэальных справаў, маральнымі абавязкамі й стваральнай працаю па адраджэньні жывое беларушчыны… Сёньня ідучы сквэрам каля Купалаўскага тэатру, альбо заходзячы ў музэй Ваньковіча, я ўзгадваю колькі асабістых сілаў і энэргіі было пакладзена самім Сержуком, каб гэта захаваць. А блукаючы ў суплёце віленскіх вулак, мне здаецца часам, што я чую ягоны голас, далікатны й заўсёды чысты. І ніколі ня буду самотны ў Вільні, бо мой сябра заўсёды будзе побач…