Пасьля закліку Лукашэнкі дэпутатка паабяцала нарадзіць трох дзяцей

Палата прадстаўнікоў

Журналісты, якія асьвятляюць працу Палаты прадстаўнікоў, сёньня змаглі трапіць толькі ў прэсавы цэнтар, дзе ім далі паслухаць штогадовае пасланьне Аляксандра Лукашэнкі. Сярод прадстаўнікоў мэдыяў быў і карэспандэнт Свабоды Ўладзімер Глод.

Выступ Аляксандра Лукашэнкі прызначылі на 11-ю гадзіну. Але журналістам загадалі быць у Доме ўраду а 9-й гадзіне.

Гэтым разам, у адрозьненьне ад папярэдніх гадоў, на выхадзе з мэтро ў бок Дому ўраду людзі ў цывільным не спынялі журналістаў і не пыталіся, куды і навошта тыя рухаюцца. Але кантроль на вуліцы захаваўся. Адзін ахоўнік вадзіў сабаку па газонах і дэкаратыўных кустах. Калі я дастаў мабільны тэлефон, каб сфатаграфаваць гэтую сцэнку, іншы чалавек у цывільным папярэдзіў: «Не рабіце гэтага, не стварайце сабе праблемаў».

Бліжэй да Дому ўраду ўжо тры чалавекі ў цывільным зь ліхтарыкамі і люстэркамі правяралі каналізацыйныя люкі.

Журналісты пасьля праверкі маглі праходзіць у прэсавы цэнтар. Толькі пасьля таго, як Лукашэнка са сваім картэжам пакінуў Дом ураду, мы маглі запісаць уражаньні дэпутатаў.

Сёньня Аляксандар Лукашэнка заявіў, што кожная беларуская сям’я павінна мець ня меней за трох дзяцей. Непасрэдна да жанчын-дэпутатаў ён зьвярнуўся з заклікам, каб яны таксама да канца кадэнцыі выканалі гэтую норму.

Намесьніца старшыні камісіі па ахове здароўя, фізычнай культуры, сямейнай і моладзевай палітыцы Сьвятлана Шылава гэтую норму ўжо выканала, у яе растуць трое дзяцей:

«Я дэмаграфічную праграму краіны ўжо выканала. І я ведаю, што нашы маладыя жанчыны хочуць сёньня нараджаць дзяцей і маюць для гэтага ўмовы. Каб сям’я была моцная і вялікая, трэба, каб было жаданьне мець вялікую і шчасьлівую сям’ю».

Іншая дэпутатка, Інэса Клішчук з камісіі па заканадаўстве, сказала журналістам, што пакуль у яе дзяцей няма. Але яна марыць пра трох дзяцей. І зробіць так, каб гэтую мару выканаць.

Намесьнік старшыні міжнароднай камісіі Палаты прадстаўнікоў Віталь Бусько адзначыў частку пасланьня, якая тычылася міжнародных спраў:

«Вось гэтыя словы пра „інтэграцыю інтэграцыяў“, мне падаюцца цяпер асабліва актуальнымі. І калі наш Эўразійскі эканамічны саюз стане з Эўразьвязам саюзьнікам і партнэрам, тады мы пэўна вернемся да інтэграцыі інтэграцыяў. У нас будзе ад Лісабона да Ўладзівастоку адзіная вялікая Эўропа. Такая Эўропа, якой ня будзе нічога страшна».

Сябра камісіі па бюджэце і фінансах Валеры Барадзеня адзначыў, што раней Лукашэнка ніколі не аддаваў у сваіх пасланьнях так шмат увагі эканамічным пытаньням:

«Эканамічны блёк, без сумневу, сёньня найважнейшы, і ён усіх непакоіць. Ёсьць роля зьнешніх фактараў у праблемах, якія ўзьніклі. Але ж ёсьць і ўнутраныя фактары — бязьдзейнасьць, лянота ды іншыя, прэзыдэнт іх пералічыў. Некалькі разоў прэзыдэнт казаў слова „маркетынг“. І гэта знакавыя словы. Я добра ведаю гэтую сфэру. Мы павінны добра ведаць, што і для каго мы вырабляем».

Анлайн-рэпартаж з пасаланьня