Экспэрт пра жарты Лукашэнкі падчас пасланьня: «У клоўнаў не купляюць»

Аляксандар Лукашэнка выступае з пасланьнем

Чым было сёньняшняе пасланьне Аляксандра Лукашэнкі — спробай даць стратэгічныя арыенціры для краіны альбо папулісцкім выступам напярэдадні прэзыдэнцкай кампаніі? Ці дало пасланьне адказ на пытаньне, ці варта чакаць у Беларусі эканамічных рэформаў? Ці спадабаюцца большасьці беларусаў фрывольныя выказваньні Лукашэнкі, ягоныя жарты на мяжы фолу?

На гэтыя ды іншыя пытаньні ў перадачы «Экспэртыза Свабоды» адказваюць намесьнік рэдактара газэты «Наша Ніва» Зьміцер Панкавец і палітычны аглядальнік газэты «Белорусы и рынок» Паўлюк Быкоўскі.

Аўдёзапіс перадачы цалкам:
Тэкст перадачы ў скароце

Цыганкоў: Традыцыйна ад пасланьня кіраўніка дзяржавы чакаюць нейкіх стратэгічных арыенціраў на будучыню, важных заяваў пра бліжэйшую будучыню краіны. Але, як выглядае, сёньня гэтага ў выступе Аляксандра Лукашэнкі якраз і не было. Чаму?

Зьміцер Панкавец

Панкавец: Я пагаджуся з такой ацэнкай. У адрозьненьне ад мінулага году, калі пасланьне было вострае і часам нечаканае — сёньняшняе было млявым і рытуальным. Лукашэнка сёньня хацеў спадабацца ўсім, быў бесканфліктны, сказаў нават добрыя словы пра апазыцыю. А тлумачыцца гэта вельмі проста — выбарчы год, вельмі складаны для ўлады. Таму лішніх канфліктаў Лукашэнка імкнецца пазьбягаць. Лукашэнка фактычна пазьбягаў вострых пытаньняў, спрабаваў рабіць выгляд, што ў эканоміцы ўсё нармальна, у рабочым парадку.

Паўлюк Быкоўскі

Быкоўскі: Лукашэнка разумеў, што цяпер нельга прадказаць пэрспэктывы, браць істотную адказнасьць, і таму ён пазьбягаў адказнасьці. Нядаўна ў Палаце прадстаўнікоў прымалася праграма ўраду, і там не было ніякіх лічбаў. І сёньня Лукашэнка не даваў ніякіх паказчыкаў — па заробку, інфляцыі і гэтак далей. Замест гэтага Лукашэнка жартаваў і спрабаваў дагадзіць усім бакам. Але некаторыя ягоныя жарты выходзілі за межы дапушчальнага.

Цыганкоў: Летась Лукашэнка даволі ярка выказваўся пра Расею, заявіўшы, напрыклад, што калі расейскія войскі прыйдуць у Беларусь, то невядома, супраць каго яны павернуць зброю. Ці не было ўражаньня, што сёньня кіраўнік Беларусі спрабаваў як бы «прагнуцца» перад Расеяй?

Панкавец: Гэта, хутчэй, была спроба не ісьці на канфлікт з Крамлём у выбарчы год. Лукашэнка памятае «Хросных бацькаў» у 2010 годзе. Ён нават казаў, што ў Беларусі ніхто не забараняў георгіеўскія стужкі, але ж гэта чыстае хітраваньне. Кіраўнік Беларусі шмат адказваў на абвінавачваньні з боку чарнасоценных расейскіх сайтаў, але пры гэтым дэманстраваў сваю дваістасьць. Ён кажа: «мы частка рускага сьвету», а літаральна за пару хвілін да гэтага кажа, што «рускі сьвет — гэта не для нас».

Быкоўскі: Так, Лукашэнка апраўдваўся за тое, што беларусы — гэта ня «рускі сьвет». Спрабаваў дагадзіць Расеі — і разам з тым казаў, што можам паставіць 500 тысяч беларусаў «пад ружжо», калі што. Такая дваістая сыстэма сыгналаў.

Цыганкоў: Ці пачулі вы што-небудзь, што можна характарызаваць як падрыхтоўку да эканамічных рэформаў? Або Лукашэнка зноў запэўніў, што сацыяльна-эканамічная мадэль ня зьменіцца?

Панкавец: Лукашэнка толькі намякаў на нейкія зьмены, але канкрэтна не казаў. Гэта, па-мойму, даказвае, што ніякіх рэзкіх зьменаў ня будзе. Увогуле, эканамічная частка прамовы выглядала вельмі папулісцкай — не дапусьцім падвышэньня цэнаў, інфляцыі, падаткі ня будуць расьці. Таму я ўсё гэта разглядаў бы найперш у рэчышчы прэзыдэнцкай кампаніі.

Быкоўскі: Што тычыцца прадпрымальнікаў, то я не пачуў нейкіх добрых сыгналаў для іх — наадварот, там былі выказваньні, якія могуць і напалохаць інвэстараў і бізнэс. З эканамічных выказваньняў было пра падаткі, пра зьмяншэньне праверак — але ўсё гэта ўжо гучала шмат разоў і згубілася за жарцікамі.

Цыганкоў: Ці спадабаюцца большасьці беларусаў фрывольныя выказваньні Лукашэнкі, ягоныя жарты на мяжы фолу? Можа, людзі падумаюць — «калі прэзыдэнт жартуе, значыць, усё ў парадку», ці наадварот — «у краіне крызіс, а ён весяліцца»?

Панкавец: Найменш адукаваным людзям, відаць, спадабаюцца жарцікі Лукашэнкі, асабліва пра габрэяў. Разумнейшыя паставяцца да іх вельмі нэгатыўна — бо гэтым разам ён часам пераходзіў пэўныя межы.

Быкоўскі: Ёсьць такая аксіёма маркетынгу — «у клоўнаў не набываюць». Я думаю, гэтыя жарты не спрацуюць станоўча. Але, я думаю, Лукашэнка наўмысна пераключаў увагу на іншае. Бо няма адказаў на галоўныя пытаньні.