Пуцін павялічыў ядзерны арсэнал Расеі на 40 ракет. НАТО ўзмацняе гатоўнасьць узброеных сілаў

Ядзерны арсэнал Расеі павялічыцца на 40 міжкантынэнтальных балістычных ракет. Пра гэта заявіў у аўторак расейскі прэзыдэнт Уладзімір Пуцін на цырымоніі адкрыцьця Міжнароднага ваенна-тэхнічнага форуму «Войска-2015» у пасёлку Кубінцы (Маскоўская вобласьць).

Паводле Пуціна, гэтыя новыя ракеты «здольныя пераадольваць любыя, нават тэхнічна дасканалыя сыстэмы супрацьракетнай абароны».

Заявы прэзыдэнта Расеі пацьвярджаюць лінію Масквы на павелічэньне свайго ваеннага патэнцыялу, абраную ўжо на працягу даўжэйшага часу, адзначае кіраўнік НАТО Енс Столтэнбэрг.

«Яны праводзяць больш вучэньняў, разьвіваюць новыя ядзерныя магутнасьці і ў інфармацыйнай кампаніі адносна сваёй абароннай сыстэмы выкарыстоўваюць значна больш «ядзернай рыторыкі», — сказаў кіраўнік Паўночнаатлянтычнага саюзу пасьля сустрэчы са старшынём Эўрапейскай камісіі Жан-Клодам Юнкерам.

Такі тон заяваў, якія гучаць з Расеі, на думку Столтэнбэрга, «неапраўданы, дэстабілізуючы і небясьпечны».

«Гэта тое, чым мы цяпер занепакоеныя, і менавіта гэта зьяўляецца прычынай павелічэньня гатоўнасьці нашых узброеных сілаў. Мы адказваем на гэтыя дзеяньні такім спосабам, які гарантуе, што ў будучыні НАТО будзе заставацца саюзам, які служыць стрымліваньнем і абаронай для ўсіх краін-саюзьніц ад любых пагроз», — заявіў кіраўнік НАТО.

Сёньня кіраўнікі НАТО і Эўракамісіі правялі кансультацыі перад самітам ЭЗ, адной з тэм якога будуць пытаньні ўзмацненьня абароны і бясьпекі Эўрапейскага зьвязу.