Выбарчыя камісіі — апазыцыі мінімум

Не пазьней за 22 ліпеня ў Беларусі павінны быць сфармаваныя тэрытарыяльныя выбарчыя камісіі.

Менавіта чальцы гэтых камісіяў будуць правяраць сапраўднасьць подпісаў, якія зьбіраюць за патэнцыйных кандыдатаў на прэзыдэнта іхныя ініцыятыўныя групы. Пакуль агульных дадзеных няма. А фрагмэнтарныя зьвесткі пераконваюць — як і на мінулых прэзыдэнцкіх выбарах, у склад тэрытарыяльных камісіяў увойдзе вельмі мала прадстаўнікоў апазыцыі. На тэрыторыі Беларусі ўтвараюцца 153 тэрытарыяльныя камісіі. 118 зь іх — гэта раённыя. Астатнія — абласныя і гарадзкія.

Спэцыфіку іхняй працы сакратар Цэнтравыбаркаму Мікалай Лазавік тлумачыць так:

«Калі ўчастковыя камісіі пераважна працуюць з выбарцамі, то тэрытарыяльныя — з кандыдатамі на прэзыдэнта. Яны на этапе вылучэньня кандыдатаў абавязаныя праверыць сапраўднасьць подпісаў за прэтэндэнтаў.

Паток ідзе так. Ініцыятыўная група зьбірае подпісы. У падпісным лісьце павінны быць подпісы выбарцаў, якія жывуць у адным раёне. І вось у гэтым раёне падпісныя лісты і здаюцца ў тэрытарыяльную камісію. Вось, напрыклад, сабралі ў Буда-Кашалёўскім раёне. Там ведаюць сваіх людзей. І могуць сказаць: чакайце, у нас такія людзі наагул ня значацца. І гэта забясьпечвае сапраўднасьць праверкі».

Дэмакратычныя партыі і грамадзкія арганізацыі вылучылі няшмат кандыдатаў у тэрытарыяльныя камісіі. Кіраўнік выбарчага штабу Аб’яднанай грамадзянскай партыі Леў Марголін тлумачыць гэта так:

«Мы плянуем сканцэнтравацца на ўчастковых камісіях. Дзесяць падач у тэрытарыяльныя камісіі рознага роўню было. Але пакуль толькі адзін чалавек — у Берасьцейскай вобласьці — трапіў у склад камісіяў».

Рух «За свабоду» наагул не накіроўваў у тэрытарыяльныя камісіі сваіх прадстаўнікоў, — кажа першы намесьнік старшыні руху Юрась Губарэвіч:

«Мы ня маем паводле закону такой магчымасьці, паколькі ў нас няма зарэгістраваных рэгіянальных структураў. Але мы рэкамэндавалі нашым людзям падаваць дакумэнты праз збор подпісаў. Думаю, некалькі чалавек такой магчымасьцю скарысталіся. Пакуль у нас няма дакладнай статыстыкі. Але, верагодна, нікога ў камісіі не ўключылі. Калі б такое адбылося, то нехта б паведаміў».

На папярэдніх выбарах ад апазыцыі актыўна паводзіла сябе партыя «Справядлівы сьвет». Яе лідэр Сяргей Калякін сёньня сказаў Свабодзе:

«Пакуль вядома толькі выбарачна. Яшчэ не паўсюль прайшлі паседжаньні. У Берасьці ўключылі ў абласную камісію, але не ўключылі ў гарадзкую. У Гарадзенскай вобласьці не ўключылі ў шэраг камісіяў. Агульнай карціны няма. Але сытуацыя падобная да той, як было раней. Істотных паляпшэньняў няма».

Фармаваньне тэрытарыяльных камісіяў скончыцца 22 ліпеня. А ўжо на наступны дзень зарэгістраваныя ініцыятыўныя групы могуць пачынаць збор подпісаў за сваіх кандыдатаў. Іх, як вядома, восем.