Скасаваньне санкцый супраць некаторых чыноўнікаў не азначае зьмяненьня палітыкі

Пра гэта гаворыцца ў камэнтары Прадстаўніцтва ЭЗ у Беларусі.

Рада ЭЗ унесла зьмены ў сьпіс асобаў і арганізацый, адносна якіх дзейнічаюць абмежавальныя меры (у тым ліку забарона на ўезд і патрабаваньне аб замарожваньні актываў), накіраваныя супраць беларускага рэжыму.

«Гэтыя санкцыі ўведзеныя і застаюцца ў сіле ў сувязі з тым, што працягваецца парушэньне правоў чалавека, дэмакратычных прынцыпаў і вяршэнства права», — цытуе БелаПАН паведамленьне Прадстаўніцтва ЭЗ у Беларусі.

«У выніку перагляду быў абноўлены сьпіс асобаў і арганізацый, на якія распаўсюджваюцца абмежавальныя меры, бо Рада палічыла, што больш няма падстаў для далейшага знаходжаньня ў гэтым сьпісе дваццаці чатырох з пералічаных там асобаў. Гэта рашэньне ня сьведчыць пра нейкую зьмену ў палітыцы ЭЗ адносна Беларусі, выкладзеную ў Высновах Рады ад 15 кастрычніка 2012 года. ЭЗ прытрымліваецца палітыкі крытычнага ўзаемадзеяньня зь Беларусьсю, закліканай садзейнічаць захаваньню ў Беларусі правоў чалавека, вяршэнства права і дэмакратычных прынцыпаў», — адзначаецца ў камэнтары Прадстаўніцтва ЭЗ.

31 ліпеня Рада ЭЗ скасавала санкцыі адносна 24 беларускіх чыноўнікаў. 13 ліпеня Рада ЭЗ скасавала санкцыі супраць яшчэ двух чыноўнікаў і чатырох беларускіх кампаній.