Лукашэнка: Пытаньне пра Статкевіча на парадку дня. Вырашыць магу толькі я

Пытаньне пра былога кандыдата ў прэзыдэнты Мікалая Статкевіча можа быць вырашана ў бліжэйшы час, заявіў Аляксандар Лукашэнка.

«Я ня стану хітраваць, гэтае пытаньне на парадку дня. Вырашыць гэта магу толькі я. Але я ня вызначаўся, калі гэта будзе. Я гэтае пытаньне ў такім ключы не разглядаў. Калі яго выпускаць, то выпускаць да выбараў. Калі не выпускаць, то не выпускаць. У бліжэйшы час вы будзеце пра гэта ведаць. Калі іншы варыянт, то часу шмат».

Разам з тым Лукашэнка распавёў, што даваў магчымасьць Статкевічу напісаць прашэньне аб памілаваньні: «Я магу выпусьціць, калі чалавек зьвернецца да мяне з прашэньнем, але ён не зьвяртаецца, таму што хоча быць героем».

Кандыдат у прэзідэнты Беларусі на выбарах 2010 году Мікалай Статкевіч быў асуджаны на 6 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму за арганізацыю масавых беспарадкаў. На вызваленьні апазыцыйнага палітыка настойваюць Эўразьвяз і ЗША.