«Прэзыдэнт лепш працуе, і заробак яго расьце, а народ горш, таму ў яго й падае»

«У параўнаньні зь мінулымі выбарамі сярэдні заробак шараговых грамадзянаў Беларусі ў пераліку на даляры зьнізіўся, а ў прэзыдэнта — вырас у паўтара раза. Як вы да гэтага ставіцеся?» На гэтае пытаньне адказваюць жыхары Гомеля.

Your browser doesn’t support HTML5

«У параўнаньні зь мінулымі выбарамі сярэдні заробак грамадзянаў Беларусі зьнізіўся, а ў прэзыдэнта – вырас. Як вы да гэтага ставіцеся?»

Жанчына ва ўзросьце: «Калі ў рабочых зарплата ўпала, а ў прэзыдэнта паднялася, гэта няправільна, гэта нясьціпла. Ён жа на ўсім гатовым».

Рабочы з вытворчасьці: «Я лічу, што гэта падман людзей. Усё толькі на паперах, на словах. Беспрацоўе расьце, заробкі падаюць. Гаварыць толькі — гэта ж не рабіць. Абяцаць можна залатыя горы, а насамрэч — падман».

Наіўны пэнсіянэр: «У яго заробак расьце? І ён нікому не аддае? Дык добра атрымлівае — мне б хаця траціну атрымліваць. Такога не павінна быць у прэзыдэнта: у нас заробак падае, у яго — падвышаецца. Адмоўна стаўлюся. Чатыры зь лішнім тысячы даляраў — перавядзіце на беларускія, гэта колькі будзе? Пяцьдзясят мільёнаў зь лішкам. Гэта вельмі шмат. Калі ён гэтулькі атрымлівае, ён мусіць людзям аддаваць».

Спэцыяліст са стажам: «Як стаўлюся? Адмоўна! Яму аднаму добра. Выбары ёсьць, а выбару няма».

Дзяржаўная служачая: «Пэўна ж, кіраўнік дзяржавы мае права на вялікі заробак».

Малады рабочы: «Ён не пераносіць цяжкасьці жыцьця разам з народам. Трэба, каб і ў яго заробак упаў разам з народам. Трэба наагул яму плаціць на сярэднім узроўні спэцыяліста-службоўца машынабудаўнічага прадпрыемства, каб ён адчуваў, у якім становішчы знаходзіцца звычайны працаўнік і наша эканоміка ў цэлым».

Рабочы са стажам: «Як можна зразаць у рабочага заробак? Мяне Лукашэнка не цікавіць, мне галоўнае, каб людзі добра жылі».

Спэцыяліст з вышэйшай адукацыяй: «Прэзыдэнт жа валачэ ўсю краіну! Езьдзіць і збытам займаецца, замест таго каб ім займаліся іншыя чыноўнікі. Прасоўвае нашы тавары. Калі б ня ён, тут бы невядома што было. Я лічу, што ён зарабляе свае 550 мільёнаў. Прэзыдэнт лепш працуе, таму ў яго й расьце заробак (са сьмехам), а народ горш працуе, таму ў яго й падае».

Гамяльчук сярэдніх гадоў: «Кепска стаўлюся, бо нам горш стала, чым было».

Мужчына з будоўлі: «Ён як кіраўнік павінен добра атрымліваць. Але чаму ў нас горш стала? Я цесьляр, працаваў на будаўніцтве. Раней я атрымліваў 8–9 мільёнаў, цяпер нават паловы не зарабляю».

Разважлівы мужчына: «Даходы знаходзяцца ў такой жа сытуацыі, у якой знаходзіцца эканоміка».

Мантажнік: «Рабочых цяпер трымаюць за быдла, прымушаюць пісаць заявы аб тым, што вялікі заробак атрымліваюць: зрабіце яго ніжэйшым, калі ласка. Гэта жах! Генэральны дырэктар „Гомсельмашу“ атрымлівае на месяц 96 мільёнаў — гэта афіцыйна. Галасаваць за Лукашэнку ня буду, няхай любы іншы, абы толькі ня ён. Гэта ўжо няма сумленьня ў людзей».