У Лукашэнкі — тыдзень з Пуціным

Аляксандар Лукашэнка (зьлева) і Ўладзімер Пуцін

Аляксандар Лукашэнка і Ўладзімер Пуцін сёньня сустрэнуцца сам-насам і прымуць удзел у Форуме рэгіёнаў Расеі і Беларусі ў Сочы.

Цэлы тыдзень Аляксандар Лукашэнка мае сустрэчы з Уладзімерам Пуціным.

Сёньня прэзыдэнт Расеі Ўладзімер Пуцін і Аляксандар Лукашэнка ў Сочы прымаюць удзел у II расейска-беларускім форуме рэгіёнаў.

Разам зь іншымі кіраўнікамі краінаў АДКБ Пуцін і Лукашэнка прынялі ўдзел у саміце арганізацыі, які прайшоў у мінулы аўторак у Душанбэ. У гэты ж дзень — 15 верасьня — кіраўнікі Расеі і Беларусі, а таксама прэзыдэнт Казахстану Нурсултан Назарбаеў прадоўжылі нефармальныя зносіны ў Сочы.

У сераду там прайшоў форум міжрэгіянальнага супрацоўніцтва Расеі і Казахстану.

Перад пленарным пасяджэньнем расейска-беларускага форуму ў пятніцу Пуцін і Лукашэнка правядуць асобную двухбаковую сустрэчу, якая стане ўжо сёмай у гэтым годзе, паведаміў «Інтэрфакс».

«Гэты кантакт будзе мець важнае значэньне з пункту гледжаньня падрыхтоўкі да прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі, якія адбудуцца 11 кастрычніка», — заявіў раней памочнік прэзыдэнта Расеі Юры Ушакоў на брыфінгу ў Маскве.

Пасьля асабістай сустрэчы Пуцін і Лукашэнка наведаюць пленарнае пасяджэньне форуму «Прамысловая палітыка Саюзнай дзяржавы: агульныя падыходы і рэгіянальныя аспэкты» і наведаюць расейска-беларускую прамысловую выставу.