Амэрыканскія СМІ: расейскія ўдары ў Сырыі накіраваныя супраць апазыцыі

Закінутыя вуліцы і пашкоджаныя будынкі ў адным з гарадоў правінцыі Хомс у Сырыі, пасьля паветраных удараў 30 верасьня 2015 году

Прэса ў ЗША прыводзіць зьвесткі аб тым, што расейскія самалёты хутчэй за ўсё нанесьлі ўдары не па пазыцыях «Ісламскай дзяржавы».

Газэта The New York Times піша пра тое, што ўдарам былі падвергнутыя аб’екты на тэрыторыі, недаступнай для замежных журналістаў. Яна спасылаецца на аналіз відэаздымкі бамбаваньняў, зроблены расейскімі блогерамі, якія прыйшлі да высновы, што ўдары былі нанесеныя па вёсцы аль-Латамнех побач з горадам Хама, у раёне, які не зьяўляецца зонай дзеяньняў баевікоў радыкальных ісламісцкіх груповак.

Мала таго, была падвергнутая сумневу дакладнасьць удараў расейскай авіяцыі. Газэта цытуе былога ваеннага пілёта Дэвіда Чэнчыёці, які на падставе аналізу відэаматэрыялаў прыходзіць да высновы, што расейскія ўдары былі недакладнымі. На яго думку, бомбы ляглі «ў некалькіх мэтрах» ад заяўленых мэтаў. У адноўленых TheNew York Times відэакліпах актывістаў так званай «Свабоднай сырыйскай арміі» можна ўбачыць расейскія самалёты, якія, як сьцьвярджаюць актывісты, наносяць удар па бункеры, у якім знаходзіцца штаб-кватэра адной з апазыцыйных паўстанцкіх групаў. Шматлікія відэаматэрыялы, зьнятыя ў горадзе Талбісэх ў правінцыі Хомс адразу пасьля паветраных удараў, даказваюць, па словах прадстаўнікоў апазыцыйных групаў, што аб’ектам удараў сталі населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем апазыцыі. У выніку налёту, як кажа кіраўнік гуманітарнай групы «Белыя каскі» загінула 36 мірных жыхароў. Баевікі «Ісламскай дзяржавы» былі выгнаныя з гэтага гораду больш за год таму.

Як паведамляе газэта The Wall Street Journal, сярод групаў, па якіх былі нанесеныя ўдары, групы, у падрыхтоўцы якіх удзельнічалі ЦРУ і іншыя заходнія спэцслужбы.

Афіцыйныя амэрыканскія прадстаўнікі пакуль не падалі сваіх дадзеных аб тым, па якіх мэтах былі нанесеныя ўдары расейскімі самалётамі.