Чаргінец: Беларусь ня будзе ўдзельнічаць у баявых дзеяньнях Расеі ў Сырыі, бо адказвае за заходні напрамак

Мікалай Чаргінец

Кіраўнік праўладнага Саюзу пісьменьнікаў Беларусі, былы кіраўнік камісіі па міжнародных справах Савету Рэспублікі Мікалай Чаргінец пракамэнтаваў карэспандэнту Свабоды бомбавыя ўдары Расеі па Сырыі.

— Калі не змагацца з гэтым злом, якога сьвет яшчэ ня бачыў і ніколі ня чуў, то гэтая бяда прыйдзе ў кожны дом. Вы не ўяўляеце, якая гэта злачынная арганізацыя, дзе сабраліся прадстаўнікі дзясяткаў краін, якія ставяць на мэце разбурыць сьвет. Яны маюць магчымасьць атрымаць ядзерную зброю. І калі цяпер не пачаць барацьбу з гэтым злом, то гэта скончыцца катастрофай для ўсяго сьвету. Ня думаю, што Расея зь вялікай радасьцю ўзялася за гэта, але яны цудоўна разумеюць, што трэба змагацца з гэтай «ісламскай дзяржавай». Я думаю, што па выніках сустрэчы Пуціна з Абамам, перамоваў Кэры і Лаўрова дасягнута дамоўленасьць пра тое, што трэба змагацца з гэтым злом. І ЗША адкладаюць нейкія свае высновы адносна прэзыдэнта Сырыі, разумеючы, што большае зло — гэта «ісламская дзяржава».

Таму гэта справа самой Расеі, Беларусь ня будзе ўдзельнічаць у гэтых баявых дзеяньнях. Згодна з дамовай пра калектыўную бясьпеку Беларусь адказвае за заходні напрамак разам з Расеяй, у сэнсе абароны. Таму гэта справа самой Расеі. Я думаю, што Эўропа з разуменьнем на гэты раз паставіцца да дзеяньняў Расеі і нават з падтрымкай.

— Як вы пракамэнтуеце інфармацыю, што гэтыя расейскія авіяўдары былі нанесеныя па сырыйскай апазыцыі...

— Вы можаце гэта пацьвердзіць дакумэнтальна? Гэта элемэнтарная правакацыя. А ўжо ідзе балбатня, што там і мірныя ахвяры, і тут жа абвяргаецца ў СМІ. Трэба ўзважана ставіцца і спраўджваць такую інфармацыю.

— Вы кажаце, што Беларусь ня будзе ўцягнутая ў гэты канфлікт?

— Не.

— Афіцыйны Менск падтрымлівае Асада?

— У пэўнай ступені так. Пры любой сытуацыі гэта значна меншае зло. Асад — кіраваны чалавек, яго, урэшце, можна замяніць, калі гэтага захоча народ Сырыі. Тыя, хто падтрымлівае «ісламскую дзяржаву», — гэта вар’яты, якія неўзабаве могуць завалодаць ядзернай зброяй і кінуць яе і на Менск, і на Варшаву. Ім да лямпачкі, ім галоўнае — забіваць".