Казакевіч: удзел у ваенных кампаніях абсалютна ня ўпісваецца ў стратэгію беларускіх уладаў

Андрэй Казакевіч

Удзел Расеі ў сырыйскім канфлікце можа мець для Беларусі толькі ўскосныя наступствы.

Такую думку ў інтэрвію Радыё Свабода выказаў дырэктар Інстытуту палітычных дасьледаваньняў «Палітычная сфэра» Андрэй Казакевіч.

Казакевіч падкрэсьлівае, што ў межах АДКБ Менск ня мае нейкіх абавязаньняў, якія б маглі ўцягнуць Беларусь у сырыйскі канфлікт.

«Усе абавязаньні зьвязаныя толькі з тымі выпадкамі, калі будзе зьнешняя агрэсія з адным з удзельнікаў дамовы. У дадзеным выпадку гэта немагчыма так інтэрпрэтаваць. Таму я думаю, што непасрэдных наступстваў, уцягваньня Беларусі ў гэты канфлікт — ня будзе. Тым больш што беларускія ўлады ў гэтым зусім не зацікаўленыя. Як вядома, цяпер асноўная гульня ў палітычнай прасторы з боку ўлады вядзецца пад лёзунгамі міру, спакою, стабільнасьці. І я думаю, што абсалютна ня ўпісваецца ў гэтую стратэгію ўдзел у ваенных кампаніях, тым больш так далёка ад Беларусі. Вядома, пэўныя эканамічныя інтарэсы Беларусь у Сырыі мела, і, думаю, яны застаюцца, але яны не настолькі важныя, каб уцягвацца ў такія дзеяньні», — кажа ён.

Таму наўпрост наступстваў гэтай вайны Беларусь на сабе не адчуе. Ускосныя ж наступствы для беларусаў, як лічыць Казакевіч, будуць залежаць ад таго, якімі будуць вынікі сырыйскага канфлікту:

«Беларусь вельмі моцна залежыць ад Расеі па шмат якіх парамэтрах, у тым ліку палітычным і эканамічным. Таму, калі сама ваенная кампанія прыме даволі шырокія маштабы і будзе мець нейкія нэгатыўныя наступствы для Расеі — напрыклад, узмацненьне ізаляцыі (хоць пра гэта пакуль рана казаць) — то гэта ўскосна паўплывае на Беларусь. Магчыма таксама пагаршэньне для Расеі сытуацыі, зьвязанай з тэрарызмам і нейкімі ўнутранымі небясьпекамі. Ну, і эканоміка. Хоць сама апэрацыя пакуль ня вельмі дарагая, але яна яўна ня будзе спрыяць хуткаму выхаду з эканамічнай рэцэсіі. Усё гэта, натуральна, будзе ўскосна ўплываць і на Беларусь».