Чаргінец: Няхай мільён эўра пойдзе на карысьць Сьвятлане Алексіевіч

Мікалай Чаргінец

«Я заўсёды казаў, што вельмі станоўча стаўлюся да самога факту імавернасьці, што Сьвятлана Алексіевіч можа атрымаць Нобэля па літаратуры», — сказаў Мікалай Чаргінец, старшыня Саюзу пісьменьнікаў Беларусі.

Мікалай Чаргінец адзначыў, што Алексіевіч па-сапраўднаму займаецца літаратурай Беларусі, яна напісала цэлы шэраг твораў.

«Для беларускай літаратуры гэта вельмі прыемна, што наша аўтарка атрымала прызнаньне такога высокага ўзроўню. У сувязі з тым, што прадстаўнік нашай краіны атрымаў Нобэля, беларускую літаратуру стануць больш чытаць у сьвеце, зьявіцца больш выданьняў на розных мовах — і гэта будзе станоўча ня толькі для самой Сьвятланы Алексіевіч, але і для іншых нашых аўтараў. Я жадаю, каб мільён эўра, які атрымае Сьвятлана Алексіевіч, пайшоў ёй на карысьць, буду вельмі рады павіншаваць яе ва ўрачыстай атмасфэры», — сказаў Чаргінец.