Экспэрт: Пазьбегнуць павышэньня пэнсійнага ўзросту, хутчэй за ўсё, не атрымаецца

Ілюстрацыйнае фота

«Я пра гэта казаў яшчэ ў перадвыбарчы пэрыяд, што пэнсійны ўзрост прыйдзецца павышаць. Нам трэба яго павышаць, але людзі гэтага ня хочуць. Таму ў нас у краіне невялікія пэнсіі. Мы сёньня маем той пэнсійны фонд, які маем», — заявіў Аляксандар Лукашэнка ў аўторак на нарадзе па актуальных пытаньнях разьвіцьця краіны.

На яго думку, у любым выпадку пытаньне павышэньня пэнсійнага ўзросту можа «вырашацца празь людзей». «Мы павінны параіцца зь імі, будзем іх пераконваць, прасіць іх згоды», — цытуе кіраўніка дзяржавы БЕЛТА.

Адначасова за павышэньне пэнсійнага ўзросту выказалася кіраўніца ЦВК Лідзія Ярмошына.

Лідзія Ярмошына

«Я адназначна скажу, як просты грамадзянін, што пэнсійны ўзрост трэба павышаць жанчынам. Цяперашнія жанчыны ў 55 гадоў яшчэ замуж гатовыя выйсьці і шмат разоў выходзяць. Напэўна, ранавата яшчэ на пэнсію. Але пры гэтым можна прадугледзець і не павышаць узрост, напрыклад, для жанчын, якія нарадзілі і выхавалі хоць бы дваіх дзяцей. Магчыма, гэта будзе стымуляваць нараджальнасьць», — заявіла яна ў інтэрвію «Камсамольскай праўдзе».

Экс-міністар працы і сацыяльнай абароны (1994–1996 гг.) Аляксандар Сасноў у інтэрвію Свабодзе заявіў, што магчымасьць пазьбегнуць павышэньня пэнсійнага ўзросту ў Беларусі ёсьць, але імавернасьць гэтага невялікая.

«Магчымасьць — гэта калі нехта будзе фінансаваць патрэбы беларускага рэжыму. Калі будзе Расея фінансаваць, то і праблемаў няма. Але імавернасьць гэтага невялікая», — лічыць ён.

Паводле слоў Саснова, каб пазьбегнуць павышэньня пэнсійнага ўзросту, патрэбна добрая праца эканомікі.

Аляксандар Сасноў

«Перш за ўсё трэба, каб добра працавала эканоміка, каб у эканоміку ня лезьлі з „кірзавым ботам“, як гэта робіць беларуская дзяржава, напрыклад. Трэба, каб эканоміка разьвівалася свабодна, і тады будзе больш грошай у казьне. А калі будзе больш грошай, то можна рабіць і без падвышэньня пэнсійнага ўзросту зьмены ў пэнсійным забесьпячэньні», — кажа ён.

Сасноў лічыць, што ўлады ўжо даўно павінны былі правесьці пэнсійную рэформу.

«Трэба зрабіць так, каб была нейкая накапляльная частка пэнсійных сродкаў, каб яна неяк захоўвалася ад інфляцыі і можна было б гэтыя грошы выкарыстоўваць дзеля таго, каб выплочваць пэнсію пэнсіянэрам. У нас жа зусім іншая сыстэма, савецкая сыстэма. Гэта сыстэма, калі пэнсійнае забесьпячэньне ажыцьцяўляецца за кошт тых, хто працуе. То бок тыя, хто працуе цяпер, утрымліваюць тых, хто працаваў раней і сышоў на пэнсію. Такая сыстэма працуе добра, калі эканоміка на пад’ёме ці хаця б ня падае. А вось калі яна пачынае падаць, то ўзьнікаюць праблемы», — тлумачыць ён.

Між тым Сасноў прызнае, што ў прынцыпе праблема павышэньня пэнсійнага ўзросту актуальная для ўсёй Эўропы, бо дэмаграфічная сытуацыя шмат дзе пагаршаецца.