Трагедыя Пішчэўскага. Ці магчымая ва Ўкраіне?

  • Паўло Зубʼюк

Gay pride

Сьмерць Міхаіла Пішчэўскага ў выніку гамафобнага нападу камэнтуе ўкраінскі праваабаронца Заран Кісь. Гутарыў Паўло Зуб’юк.

РС: Ці магчымая ва Ўкраіне такая сытуацыя, як у Беларусі — напады, забойствы?

Заран Кісь: На жаль, ва Ўкраіне гэта вельмі магчыма і ёсьць тэндэнцыя да павялічваньня колькасьці такіх выпадкаў, большасьць зь іх не фіксуецца, яны зьяўляюцца невядомымі, але вось на пачатку года мы мелі прынамсі два альбо тры забойствы на гэтай глебе: у Харкаве і Кіеве. Праваабаронцы кажуць, што колькасьць такіх злачынстваў павялічваецца таму што тыя, хто іх ажыцьцяўляе застаюцца непакаранымі. Гэта заахвочвае іншых працягваць такую практыку.

РС: Калі казаць пра дынаміку, пасьля Рэвалюцыі годнасьці сытуацыя зьмянілася ў лепшы ці горшы бок?

Заран Кісь: На жаль, ў горшы бок. Гэта зьвязана з радыкалізацыяй грамадзтва, эканамічны крызыс заўсёды даваў пад’ём правых, радыкальных ідэяў. На жаль, гэты фон у грамадзтве ўплывае і на сытуацыю з правамі ЛГБТ таксама, з нянавісьцю, агрэсіяй у іх бок. Акрамя таго, перад Майданам мы бачылі як разьвіваліся некаторыя групы, скіраваныя на перасьлед людзей па гэтай прыкмеце. Адна з такіх груп называецца «Модный приговор», яе арганізатарам зьяўляецца расейскі нацыст «Тесак»...

РС: Марцынкевіч ягонае прозьвішча, так?

Заран Кісь: ...так, так. Менавіта ён арганізоўваў гэтыя групы ў гарадох Украіны, яны працуюць і дагэтуль, і сёньня мы назіраем больш і больш гвалту зь іх боку.

РС: А тое, што зараз ўлада дэкляруе адданасьць эўрапейскім каштоўнасьцям, руху да Эўропы — ці ўплывае гэта неяк станоўча на барацьбу супраць такой псыхалёгіі?

Заран Кісь: Па-першае, пакуль што гэта толькі дэклярацыі, рэальных дзеяньняў у гэтым накірунку мы ня бачым. Другі момант. Тыя, хто ажыцьцяўляе такія напады, адкрыта выступаюць супраць эўрапейскае інтэграцыі Ўкраіны. Такая парадаксальная сытуацыя: яны выступаюць і супраць інтэграцыі Ўкраіны ў гэтак званы «русский мир», быццам бы ёсьць для Ўкраіны нейкі «трэці шлях» — і супраць Расеі, і супраць Эўропы. Які гэта шлях, я ня ведаю, але яны адкрыта выступаюць супраць эўрапейскае інтэграцыі — і «Правы сэктар», і Ўсеўкраінскае аб’яднаньне «Свабода», і другія групы. Для іх барацьба супраць правоў чалавека для ЛГБТ — гэта адзін з «флягманскіх праектаў», калі можна так сказаць. Гэта адна з рэчаў, якія відавочна павязваюць з Эўропай, хаця памылкова, не ва ўсіх эўрапейскіх краінах з гэтым усё добра.

РС: Зараз ва Ўкраіне адбываецца паліцэйская рэформа, неўзабаве ўся міліцыя павінна замяніцца на паліцыю. Ці ёсьць нейкія станоўчыя чаканьні на гэты конт?

Заран Кісь: У мяне ёсьць вялікія надзеі на новую паліцыю. Я выкладаў курсантам ва Львове і Кіеве прадмет, які называецца «талерантнасьць», у тым ліку да ЛГБТ, але ня толькі. Мы гаварылі там пра ўсе рэчы, павязаныя з радыкалізмам — пра расізм, пра ксэнафобію, ісламафобію, і ў тым ліку пра гамафобію як прычыну злачынстваў на глебе нянавісьці. Гэтыя людзі ведаюць, што гэта і як супраць гэтага змагацца, але праблема ў тым, што заканадаўства не мяняецца, немагчыма нармальна расьсьледаваць, таму ўсе такія злачынствы патрапляюць пад катэгорыю «хуліганства». Вельмі часта людзі атрымоўваюць умоўныя тэрміны, то бок пазьбягаюць пакараньня, як гэта здарылася з кінатэатрам «Жовтень» («Кастрычнік»), які спалілі двое радыкалаў за тое, што там паказвалі ЛГБТ-кіно — і у выніку яны засталіся на свабодзе.

РС: Вы казалі пра тое, што ўлада ігнаруе гэтую тэму. Алі ці няма сярод дэпутатаў Вярхоўнае Рады, з аднаго боку станоўчых, а з другога боку адмоўных крокаў у кірунку правоў ЛГБТ?

Заран Кісь: Партыяў, якія прынамсі нэўтральна ставіліся да правоў ЛГБТ, няма, усе на узроўні ідэалёгіі дэкляруюць правыя, кансэрватыўныя каштоўнасьці, фактычна ўсе партыі кааліцыі зьяўляюцца правымі, паколькі маюць партнэрства з Эўрапейскай Народнай Партыяй, гэта хрыстыянска-дэмакратычная сіла, таму яны ня могуць дэкляраваць каштоўнасьці, больш ўласьцівыя сацыял-дэмакратычным, лібэральным і зялёным партыям. На жаль, ва Ўкраіне зараз няма партыі, яка б на нармальным узроўні магла абараняць ці прадстаўляць інтарэсы ЛГБТ. Ёсьць асобныя палітыкі, зь якімі можна размаўляць, напрыклад Тацьцяна Залішчук і Сяргей Лешчанка, якія былі на Маршы роўнасьці ў гэтым годзе — гэта вялізарны прарыў, хочацца, каб іх было больш. А сярод радыкальных праціўнікаў можна назваць Ігара Масійчука, гэта палітык з Радыкальнай партыі, які зараз знаходзіцца у зьняволеньні па падазрэньні ў карупцыі. Ён быў вельмі актыўным праціўнікам правоў ЛГБТ, магчыма, гэта зьвязана з досьведам у адбыцьці пакараньняў, але я не хачу спэкуляваць на гэтую тэму. І ёсьць «старыя» праціўнікі ЛГБТ, як напрыклад дэпутат Унгурян з «Народнага фронту», які ужо некалькі скліканьняў арганізоўвае камітэт «За мараль...» і нешта там яшчэ, і яны вельмі актыўна супрацьстаяць любым крокам на сустрэчу правам ЛГБТ, і так яны перашкаджаюць ня толькі бязьвізаваму рэжыму ці эўраінтэграцыі, але і шкодзяць грамадзтву, таму што кансэрвуюць яго у такім нездаровым стане, ў якім яно зараз.

РС: І яшчэ адно пытаньне. Над чым зараз працуюць актывісты ў сфэры абароны правоў чалавека для ЛГБТ, якія ёсьць дасягненьні і якія надзеі?

Заран Кісь: У нас вельмі вялікі фронт працы, мы разрываемся, бо рэсурсы ў нас вельмі абмежаваныя, перадусім чалавечыя, вельмі мала людзей, якія арыентуюцца у гэтай тэме, якія хочуць і могуць нешта рабіць, ня кажучы ўжо пра тое, што фінансавы рэсурс у нашых апанэнтаў нашмат большы, мабілізацыйны таксама. Але мы не страчаем надзеі, працуем над унясеньнем пунктаў пра абарону ад дыскрымінацыі да працоўнага кодэксу, да новае Канстытуцыі, проста зараз я на Канстытуцыйнай камісіі, якая будзе праз месяц гэтае пытаньне абмяркоўваць — на навуковым узроўні, гэта цалкам новы ўзровень дыскусіі, адрозный ад таго, што быў раней. Я на гэта пакладаю вялікія надзеі. І мы спрабуем уключацца ва ўсе сацыяльныя працэсы, каб паказаць, што мы не нейкія іншаплянэтнікі ці нейкая шкодная група грамадзтва, мы такія ж грамадзяне як і ўсе астатнія, проста нам хацелася бы жыць у вольнай і дэмакратычнай краіне. А не ў паўтаталітарнай пад прыкрыцьцём абароны традыцыйных каштоўнасьцяў, супраць якіх мы, дарэчы, не выступаем абсалютна.