Кэры: каб разграміць «Ісламскую дзяржаву», мы павінны скончыць вайну ў Сырыі

Джон Кэры

Дзяржсакратар ЗША Джон Кэры выступіў з праграмнай прамовай пра сытуацыі на Блізкім Усходзе ў Цэнтры Карнэгі ў Вашынгтоне.

Кэры заявіў, што для разгрому тэрарыстычнай групоўкі «Ісламская дзяржава» варта скончыць вайну ў Сырыі. «У гэтым заключаецца мэта Амэрыкі», — падкрэсьліў ён у сваім выступе ў Цэнтры Карнэгі ў Вашынгтоне.

Па словах Кэры, праблема, перад якой стаіць сучаснае грамадзтва ў дачыненьні да Сырыі, ня менш, чым, як ён выказаўся, «пошук пляну выхаду зь пекла».

«Расея, Злучаныя Штаты, і іншыя падзяляюць мноства пунктаў судакрананьня па гэтым пытаньні. Мы насамрэч усе згодныя, што статус-кво зьяўляецца непрымальным. Мы ўсе згодныя, што варта знайсьці палітычнае рашэньне. Мы ўсе згодныя, што перамога ІДз або любой іншай тэрарыстычнай групы павінна быць папярэджаная. Мы ўсе згодныя, што гэта неабходна для захаваньня Сырыі ды інстытутаў, на якіх яна пабудаваная, для захаваньня адзінай і сьвецкай Сырыі», — заявіў Кэры.

Дзяржсакратар ЗША выступіў у Цэнтры Карнэгі напярэдадні адлёту ў Вену, дзе пройдзе сустрэча кіраўнікоў дыпляматычных ведамстваў ЗША, Расеі, Савудаўскай Арабіі і Турэччыны для вызначэньня шляхоў ўрэгуляваньня сырыйскага канфлікту. Да ўдзельнікаў сустрэчы ў Вене ўпершыню далучыцца Іран. Міністар замежных спраў Ірану Махамад Джавад Зарыф пацьвердзіў свой удзел у перамовах. З Вены дзяржсакратар ЗША Джон Кэры адправіцца ў паездку па пяці краінам Цэнтральнай Азіі.