Белы дом: амэрыканскія вайскоўцы ня будуць удзельнічаць у баявых дзеяньнях у Сырыі

Намесьнік дарадцы па нацыянальнай бясьпецы Бэн Родс

Адміністрацыя Барака Абамы пракамэнтавала ролю накіраваных у Сырыю сілаў спэцпрызначэньня.

У Белым доме заяўляюць, што накіраваныя ў Сырыю амэрыканскія войскі спэцыяльнага прызначэньня ня будуць прымаць удзел у рэйдах і баявых дзеяньнях.

«Яны ня будуць змагацца разам зь сіламі, якія дзейнічаюць на тэрыторыі Сырыі», — падкрэсьліў намесьнік дарадцы па нацыянальнай бясьпецы Бэн Родс падчас саміту па абароне (Defense One Summit).

Паводле Родса, гэтыя войскі павінны паслужыць фактарам падвышэньня баявой гатоўнасьці, які дазволіць тым, хто знаходзіцца на перадавой у барацьбе з «Ісламскай дзяржавай», «падвысіць эфэктыўнасьць сваіх намаганьняў па аднаўленьні кантролю над захопленымі тэрыторыямі».

Пры гэтым ён дапусьціў, што можа ўзьнікнуць сытуацыя, у якой амэрыканскім вайскоўцам «давядзецца супрацьстаяць ворагу».

На мінулым тыдні прэзыдэнт ЗША Барак Абама дазволіў накіраваць у Сырыю 50 вайскоўцаў сілаў спэцыяльнага прызначэньня для каардынацыі сырыйскіх паўстанцкіх рухаў і намаганьняў міжнароднай кааліцыі па барацьбе з «Ісламскай дзяржавай».

Амэрыканскія вайскоўцы прыбудуць у Сырыю на працягу наступных тыдняў і будуць заставацца там зьменамі ня больш за 60 дзён, распавёў высокапастаўлены прадстаўнік Пэнтагону. Яны будуць базавацца ў «квазі-штаб-кватэры» сырыйскіх, арабскіх, курдзкіх і туркмэнскіх байцоў, каб дапамагчы з распрацоўкай тактыкі, апэратыўным плянаваньнем і лягістыкай.

«Голас Амэрыкі» паведамляе, што сілы спэцпрызначэньня будуць базавацца «адносна блізка ад мяжы» з Турцыяй, каб у выпадку неабходнасьці іх можна было хутка вывесьці з краіны.

ЗША ўпершыню накіроўваюць у Сырыю сухапутныя войскі, якія ня будуць удзельнічаць у канкрэтным рэйдзе або місіі.