LifeNews: у пасажыраў пацярпелага крушэньне А321 выявілі выбуховыя траўмы

Пасажыры пацярпелага крушэньне ў Эгіпце расейскага самалёта А321 загінулі з-за розных тыпаў траўмаў. Пра гэта сьведчаць вынікі судова-мэдычнай экспэртызы, якія апынуліся ў распараджэньні тэлеканалу LifeNews.

Паведамляецца, што тыя, хто сядзеў у асноўнай часткі самалёта, памерлі з-за страты крыві, шоку, адкрытых чэрапна-мазгавых траўмаў і шматлікіх пераломаў. У пасажыраў, якія сядзелі ў хваставой частцы ляйнэра, былі выяўленыя выбуховыя траўмы з апёкамі больш за 90 працэнтаў тканак. Участкі абгарэлых тканак загінулых ужо адправілі на аналіз. Іх дасьледуюць на наяўнасьць сьлядоў выбухоўкі.

Экспэрты таксама зьвярнулі ўвагу на тое, што ў шматлікіх целах пасажыраў з хваставой часткі былі выяўленыя часьцінкі мэталу, абшыўкі лайнэра і яго дэталяў. Афіцыйнай інфармацыі пра гэта пакуль няма.

Раней паведамлялася, што непасрэдна перад зьнікненьнем самалёта з экранаў радараў бартавы самапісец зафіксаваў «нехарактэрныя для штатнага палёту гукі». Пра гэта паведаміў «Інтэрфакс» са спасылкай на інфармаваную крыніцу ў Каіры.

Самалёт Airbus A321 расейскай авіякампаніі «Кагалымавія», які выконваў рэйс па маршруце Шарм-аль-Шэйх — Санкт-Пецярбург, 31 кастрычніка разьбіўся на Сынайскім паўвостраве. Усе 224 чалавекі, якія былі на борце, загінулі. Улады Эгіпту лічаць, што прычынай крушэньня сталі тэхнічныя непаладкі. У кампаніі «Кагалымавія» назвалі адзінай магчымай прычынай авіякатастрофы «вонкавае ўзьдзеяньне».

У сваю чаргу экспэрты амэрыканскай выведвальна-аналітычнай кампаніі Stratfor лічаць, што, хутчэй за ўсё, на борце самалёта адбыўся выбух бомбы. Аднак пакуль на фрагмэнтах А321, якія ўжо ўдалося абсьледаваць спэцыялістам, не было выяўлена сьлядоў выбухоўкі.