Польскія візы можна будзе атрымаць ня толькі ў Менску, але і ў Баранавічах, Лідзе, Пінску

Міхал Хабрас і Прабуда Сен перад падпісаньнем пагадненьня

У васьмі гарадах Беларусі ў І квартале 2016 году запрацуюць польскія візавыя цэнтры.

Сёньня ў рамках дзелавога візыту ў Менск і Магілёў дэлегацыі польскіх аграрыяў адбылося падпісаньне дамовы на абслугоўваньне польскіх візавых цэнтраў.

Удзел у цырымоніі ўзялі Часовы павераны ў справах Польшчы ў Беларусі Міхал Хабрас і рэгіянальны ўпраўляючы міжнароднай кампаніі VFS Global у краінах СНД Прабуда Сен.

Як расказаў Міхал Харбас, плянуецца, што візавыя цэнтры запрацуюць да канца першага кварталу 2016 году, іх будзе восем і разьмесьцяцца яны ня толькі ў Менску і шэрагу абласных цэнтраў (Берасьце, Гомель, Горадня), а таксама ў Баранавічах, Лідзе і Пінску:

«Спадзяемся, што і колькасьць гэтых цэнтраў, і іх прапускная здольнасьць аблегчаць грамадзянам Беларусі працэс атрыманьня візаў. Мы ведаем, што праблема атрыманьня візаў вельмі хвалюе беларускае грамадзтва і хацелася б, каб пасьля сёньняшняга мерапрыемства гэтыя хваляваньні засталіся ў мінулым».

Дамова пра візавыя цэнтры замацаваная подпісамі

Патэнцыйных кліентаў, натуральна, цікавіць памер сэрвіснага збору, бо ў аналягічных цэнтрах іншых краінаў, якія ўжо працуюць у Беларусі, ён розьніцца. Прабуда Сен адказаў, што кошт плянуецца прывязаць да канкрэтнага эквіваленту ў эўравалюце: «Сэрвісны збор будзе складаць у эквіваленце 15 эўра, ён будзе здымацца ў тым ліку за біямэтрычныя дадзеныя чалавека».

Пакуль не разгалошваюцца адрасы, дзе менавіта будуць працаваць польскія візавыя цэнтры. Пры гэтым прадстаўнікі кампаніі-пасярэдніка запэўніваюць, што гэта будуць зручныя месцы ў цэнтральных раёнах пералічаных гарадоў: «Першым чынам трэба было падпісаць кантракт, а ўжо пасьля гэтага пачнецца вырашэньне тэхнічных пытаньняў», — зазначыў спадар Сен, дадаўшы, што сярод іншага ў рэгіёнах зьявяцца так патрэбныя новыя працоўныя месцы.

Прабуда Сен і Міхал Хабрас - абмен рукапацісканьнем

Чаму амбасада Польшчы абрала ў якасьці партнэра менавіта VFS Global? Спадар Хабрас кажа, што кампанія перамагла ў вострай канкурэнцыі:

«Адбыўся тэндэр згодна з нашай дзяржаўнай тэндэрнай працэдурай. Ён быў абвешчаны некалькі месяцаў таму, была створаная адмысловая камісія, якая цягам двух тыдняў прымала заяўкі. Усе пасьля прапановы былі разгледжаныя і экспэрты спыніліся на найбольш годнай. У іншых кампаній была магчымасьць абскардзіць вынікі тэндэру і на гэты момант уся працэдура ў нашай краіне завершаная. Сёньня мы маем пагадненьне з кампаніяй, якая прадставіла найлепшыя ўмовы».

Прабуда Сен (зьлева) і Міхал Хабрас

VFS Global ужо мае досьвед працы ў візавай галіне, бо яшчэ раней пачала супрацоўнічаць зь візавымі цэнтрамі Літоўскай Рэспублікі. У сваю чаргу, Міхал Хабрас спадзяецца, што колькасьць грамадзянаў Беларусі, якія скарыстаюцца паслугамі польскіх візавых цэнтраў, будзе расьці:

Міхал Хабрас выступае перад дзелавой супольнасьцю

«Усе нашы ўстановы, уключна з аддзяленьнямі амбасады кансуляту ў Менску, а таксама Генкансуляты ў Берасьці і Горадні, выдаюць парадку 400 тысяч візаў на год. Хочацца, каб гэтая колькасьць не зьмяншалася, а, хутчэй, павялічвалася. Пры гэтым варта падкрэсьліць, што рашэньне аб выдачы візы ў кожным выпадку прымае консул. Так што кансуляты, насуперак засьцярогам, без працы не застануцца».

Удзельнікі форуму сталі сьведкамі падпісаньня візавага дакумэнту

Ня гледзячы на тое, што з улікам сэрвіснага збору віза для беларусаў стала яшчэ даражэйшай (адна з самых дарагіх у Эўропе), атрымаць яе цяпер значна прасьцей і, галоўнае, без выстойваньня шматгадзінных чэргаў ля кансулятаў.