Міністар эканомікі: мы выходзім на праграму МВФ «калі за гэтую ноч нічога ня здарылася»

Ўладзімер Зіноўскі

19 лістапада ў Менску завяршае працу місія Міжнароднага валютнага фонду. Заключным этапам дзесяцідзённага вывучэньня сытуацыі ў Беларусі стане сустрэча сяброў місіі з кіраўніком беларускага ўраду Андрэем Кабяковым.

Пра гэта паведаміў журналістам у Палаце прадстаўнікоў міністар эканомікі Беларусі Ўладзімер Зіноўскі.

Ён сказаў, што «калі за гэтую ноч ня здарылася нічога надзвычайнага, то можна казаць, што мы практычна выходзім на праграму ўзаемадзеяньня з МВФ. Засталося пачакаць зусім няшмат».

Міністар удакладніў, што дамова, якую хоча падпісаць Беларусь з МВФ, разьлічаная на атрыманьне крэдыту ў памеры каля 3 мільярдаў даляраў тэрмінам на 3 гады.