Віцябляне ўсклалі кветкі да помніка Ўладзімеру Караткевічу

Помнік Караткевічу ў Віцебску

Гэта была не арганізаваная імпрэза, а прыватная ініцыятыва гараджан. Таксама ў Віцебску адбылася вечарына памяці пісьменьніка.

Паводле найстарэйшага віцебскага актывіста Барыса Хамайды, каля помніка пісьменьніку ў яго адбылася незвычайная сустрэча.

З кветкамі прыехаў Анатоль Бычкоў, даўні прыхільнік таленту Караткевіча.

Спадар Бычкоў апавёў, што калісьці так захапіўся творамі пісьменьніка, што напісаў яму ліст. І Караткевіч запрасіў адданага чытача ў госьці. Было гэта ў 1981 годзе, і з тае пары Бычкоў некалькі разоў прыяжджаў у Менск у госьці.

Шчырае сяброўства абарвалася са сьмерцю Караткевіча, але Анатоль Бычкоў штогод адзначае дзень народзінаў сябра.

На 85-я ўгодкі ён вырашыў прыехаць у Віцебск з Шумілінскага раёну, дзе жыве цяпер — адмыслова, каб прыйсьці ў гэты дзень да помніка.

Кветкі да помніка Караткевічу. Барыс Хамайда і Анатоль Бычкоў (справа)

Таксама ў віцебскай абласной бібліятэцы імя Леніна прайшла вечарына «І не зьнікаць паэтам вечна», прысьвечаная 85-м угодкам Уладзімера Караткевіча.

Сярод выступоўцаў былі літаратары і дасьледчыкі творчасьці Караткевіча. Акторы тэатру «Лялька» паказалі фрагмэнты спэктакляў па творах пісьменьніка-юбіляра. Заля была поўная гледачоў, у тым ліку надзвычай шмат было студэнцкай моладзі.

Фрагмэнт імпрэзы

Поўная заля гледачоў