Беларусь скардзіцца на якасьць і кошт расейскай нафты і хоча зьбіць цану

Прэс-служба канцэрна «Белнафтахіму» паведаміла, што перамовы аб умовах паставак нафты ў Беларусь на наступны год плянуецца завяршыць у сьнежні. Перамовы вядуцца канцэрнам і беларускімі нафтаперапрацоўчымі заводамі з аднаго боку, і расейскімі нафтавымі кампаніямі-пастаўшчыкамі нафты з другога.

«Мэтай працоўных перамоваў зьяўляецца аптымізацыя ўзаемадзеяньня бакоў і выпрацоўка ўзаемавыгадных умоваў супрацоўніцтва ў нафтаперапрацоўцы. На працягу 2015 на міжнародным палітычным і эканамічным полі адбыўся шэраг падзеяў, якія прынцыпова ўплываюць на кан’юнктуру нафтавага рынку, у выніку чаго значна зьнізіліся біржавыя нафтавыя каціроўкі. Тым ня менш, з-за ўвядзеньня Расейскай Фэдэрацыяй „падатковага манэўру“ ў супастаўных умовах узрос кошт нафты, якая пастаўляецца ў Беларусь з Расейскай Фэдэрацыі. З году ў год пагаршаюцца якасныя характарыстыкі нафты, што патрабуе дадатковых выдаткаў на яе перапрацоўку для атрыманьня нафтапрадуктаў эўрапейскай якасьці», — паведамляе прэс-служба «Белнафтахіму».

З году ў год пагаршаюцца якасныя характарыстыкі расейскай нафты


Там таксама адзначаюць, што беларускія НПЗ за апошнія гады правялі мадэрнізацыю, што дазволіла «Нафтану» і «Мазырскіаму НПЗ» прадстаўляць Расеі больш дарагі кошык нафтапрадуктаў.

Нядаўна пра цэны на нафту казаў намесьнік прэм’ер-міністра Ўладзімір Сямашка, які ня першы год запар вядзе перамовы па нафтавым пытаньні (часьцей за ўсё з Аркадзем Дварковічам). Як піша БЕЛТА, Уладзімір Сямашка наракаў на рэзкае зьніжэньне коштаў на нафту, што дае падставу для абмеркаваньня гэтага пытаньня з расейскім бокам.


«Кошты рэзка ўпалі. Ёсьць падставы, каб абмяркоўваць, па якіх цэнах павінна пастаўляцца і купляцца нафта. Створаная рабочая група, яна праводзіць аналіз. Там прадстаўнікі «Лукойла», «Сургутнафтагазу», «Газпрамнафты» і «Раснафты» і, натуральна, нашага «Белнафтахіму»,


— сказаў Уладзімер Сямашка, камэнтуючы інфармацыю ў СМІ пра тое, што беларускі бок прапануе расейскім пастаўшчыкам перагледзець формулу цаны на нафту, якая пастаўляецца: павялічыць дысконт мінімум яшчэ на пяць даляраў за тону, пра што пісалі расейскія СМІ.

Адзначаецца, што налета аб’ём паставак складзе 24 млн. тон нафты, што на мільён тон нафты больш, чым сёлета. Уся нафта будзе пастаўлена ў Беларусь праз трубаправоды.

Раней беларускія чыноўнікі прызнавалі залежнасьць эканомікі краіны ад сытуацыі ў Расеі, якая, у сваю чаргу, цалкам залежная ад коштаў на нафту. Цэны на яе падаюць на працягу сёлетняга году, і ў будучыні могуць працягнуць падзеньне. Што тычыцца нафтавага пытаньня паміж Расеяй і Беларусьсю, то сёлета ніякіх асаблівых праблем, акрамя «падатковага манэўру» ў бакоў не было. Аднак праблемы ўзьнікалі, і не аднойчы: цяжка ішлі перамовы ў 2013 годзе, яшчэ больш складана — у 2010.