У Менску пройдуць суды за акцыю 24 лістапада

Вулічная акцыя, прымеркаваная да 19 гадавіны рэфэрэндуму 1996 году

Чарговы адміністратыўны працэс супраць апазыцыянэраў за несанкцыянаваную акцыю пройдзе ў судзе Маскоўскага раёну Менску.

На 7 сьнежня ў Маскоўскі раённы суд Менску для разгляду адміністратыўных спраў «за ўдзел у несанкцыянаванай вулічнай акцыі», якая адбылася ў Менску 24 лістапада, выкліканыя кандыдат на прэзыдэнта на выбарах 2010 году Ўладзімер Някляеў, сустаршыня партыі БХД Павал Севярынец, а таксама назіральнікі праваабарончага цэнтру «Вясна» Натальля Сацункевіч і Сяргей Касьпяровіч.

Увечары 24 лістапада ў Менску на праспэкце Незалежнасьці адбылася вулічная акцыя, прымеркаваная да 19 гадавіны рэфэрэндуму 1996 году, які ў апазыцыі называюць пачаткам усталяваньня ў Беларусі дыктатуры Аляксандра Лукашэнкі. На акцыю на заклік былога кандыдата на прэзыдэнта, былога палітвязьня Мікалая Статкевіча прыйшлі вядомыя палітыкі, грамадзкія актывісты, простыя людзі — ўсяго больш за 100 чалавек.

Удзельнікі акцыі запалілі зьнічкі ў памяць пра палітыкаў Юрыя Захаранку і Віктара Ганчара, якія аднымі зь першых пратэставалі супраць рэфэрэндуму 1996 году і праз 3 гады зьніклі. Акцыя скончылася на прыступках Цэнтравыбаркаму, дзе на некаторых удзельнікаў акцыі міліцыянты склалі пратаколы. У тым ліку — на Мікалая Статкевіча, Ўладзімера Някляева, Паўла Севярынца, журналістаў Зьмітра Галко і Галіну Абакунчык, назіральнікаў зь «Вясны» Натальлю Сацункевіч і Сяргея Касьпяровіча. Пазьней прэсавая служба менскай гарадзкой міліцыі паведаміла, што журналістаў, якія працавалі на акцыі, да адміністрацыйнай адказнасьці прыцягваць ня будуць.

7 сьнежня Мікалай Статкевіч паведаміў карэспандэнту Свабоды, што позвы ў суд не атрымліваў. «Але калі б і атрымаў, не пайшоў бы», — дадаў палітык.

Уладзімер Някляеў выкліканы ў суд на 16 гадзінаў. «Позву даставіў у дом кур’ер, аддаў пад росьпіс. Неяк дзіўна напісана, што дастаўлена праз „гібрыдную пошту“ — што гэта за новаўвядзеньне, мне невядома. А вось СМС гэтым разам не было», — паведаміў Уладзімер Някляеў, які зьбіраецца прыйсьці ў суд.

Назіральнікаў зь «Вясны» Натальлю Сацункевіч і Сяргея Касьпяровіча выклікалі ў суд праз СМС на 15.00 і 16.00.

Абсэрваторыя па абароне праваабаронцаў ужо выступіла з заявай, у якой рашуча асудзіла адміністрацыйны перасьлед назіральнікаў Натальлі Сацункевіч і Сяргея Касьпяровіча.

Павал Севярынец выкліканы ў суд на 17.00. Палітык сказаў, што на працэс прыйдзе.