Севярынец: Сьвятлана Алексіевіч — гэта беларускае люстэрка для Расеі

Belarus - Paval Seviaryniec, opposition activist, writer, journalist

Сустаршыня аргкамітэту па стварэньні партыі «Беларуская хрысьціянская дэмакратыя» Павал Севярынец лічыць, што галоўным сэнсам Нобелеўскай лекцыі Сьвятланы Алексіевіч было «паказаць самой Расеі, якая яна ёсьць».

«Характэрна, што Сьвятлана Алексіевіч больш казала пра сьветаўспрыманьне Расеі, рускага чалавека. Для некаторых беларусаў, магчыма, гэта было дзіўна. Але для мяне Алексіевіч — у адным шэрагу з такімі беларусамі, якія намагаліся збавіць Расею ўвесь час — як Мялецій Сматрыцкі, Сімяон Полацкі, Фёдар Дастаеўскі, Уладзімер Высоцкі, Валерыя Навадворская.

Ёсьць у беларусаў такая місія (на мой погляд, гэта проста закладзена звыш) яны проста імкнуцца збавіць Расею, прасьвятліць яе, паказаць самой Расеі, якая яна ёсьць. Зрабіць яе лепшай, зрабіць яе больш духоўнай, больш культурнай. І я думаю, што сэнс гэтай Нобелеўскай лекцыі быў якраз у гэтай тысячагадовай беларускай місіі. Калі хочаце, Сьвятлана Алексіевіч — гэта такое беларускае люстэрка для Расеі», — заявіў Севярынец у інтэрвію Свабодзе.