Віцебскі прадпрымальнік Анар Іваноў скончыў галадоўку

Анар Іваноў

Анар Іваноў меў прэтэнзіі да ЖРЭУ Першамайскага раёну, у якога арандуе памяшканьне плошчай 18,6 квадратных мэтраў. Паводле ягоных словаў, у квітанцыях на аплату не пазначалася, што гэта грошы за арэнду. І ён ня мог быць пэўны, што зь яго не спагоняць плату яшчэ раз. Падчас галадоўкі яго наведалі прадстаўнікі ЖРЭУ, якія перарабілі ўзор квітанцыяў. І ў абед 19 студзеня ён вырашыў скончыць галадоўку.

«Плацёжка» нібыта не за арэнду, а за транспартныя паслугі

Пытаньне наконт атрыманьня ва ўласнасьць памяшканьня, дзе раней разьмяшчалася крама парфумэрыі і касмэтыкі «Ліза», засталося нявырашаным. Цяпер Анар Іваноў хоча абсталяваць там цырульню. Паводле парады знаёмых прадпрымальнікаў, ён вырашыў зьвярнуцца ў адміністрацыю Першамайскага раёну — каб удакладніць, якія магчымасьці ён мае адпаведна заканадаўству. Праўда, ранейшыя звароты ў Віцебскі гарвыканкам наконт гэтага плёну не прынесьлі.

Плякат над крамай «Ліза» яшчэ вісіць

Анар Іваноў правёў апошнія некалькі сутак, галадуючы на працоўным месцы. Цяпер над уваходам у краму «Ліза» па-ранейшаму вісіць плякат са словам «Галадоўка». Але ўнутры пуста, 45-гадовы прадпрымальнік ужо дома.