Вып’ем за сьмерць!

Сяргей Дубавец

Камэнтары пад маім апошнім тэкстам «Адкрыцца на Літву», на шчасьце, не адлюстроўваюць думкі ўсіх беларусаў. Інакш пры першым грамадзкім абвастрэньні ні ў каго з нас не было б шанцаў выжыць.

Аспрэчваць «спэктар думак» ад таго, што зь літоўцамі нас нічога ня лучыць, да таго, што «іх трэба біць па мардасах», ня мае сэнсу. Бо справа тут ня ў думках, а ў жаданьнях, мэтах, плянаваньні будучыні. Пра што дбаеш, тое і маеш. Хочаш ворага – маеш ворага.

Зрэшты, ворагашукальнікаў у беларускім сеціве не бракавала ніколі. Але ўпершыню давялося сутыкнуцца з наступным шчырым непаразуменьнем:

«Дубавец вбрасывает термин “нацыянальную годнасьць”. Для начала ему следует разъяснить читателям, что он под этим термином подразумевает. “Нацыянальная годнасць” – что это такое? Как по мне, это нечто из разряда “истинный ариец, характер нордический, не замечен в связях с врагами Рейха”.:))».

Годнасьць – па-расейску, «достоинство». І толькі па-расейску гэтым словам называюць мужчынскія геніталіі. Бо Расея – ня нацыя, а імпэрыя. «Страна рабов, страна господ». Ва ўсіх іншых чалавечая годнасьць – выхоўваецца праз нацыянальныя традыцыі, культуру, любоў да «таго месца, дзе нарадзіліся». Шцірліц і ворагі Рэйха тут ні пры чым, бо гэта – унутраная сутнасьць чалавека, яго тоеснасьць. У анкетах годнасьць можна вычытаць менавіта ў гэтых словах: Дубавец, беларус. А можна і ня вычытаць, прыняўшы гэтыя словы за чысты намінал – як таўро на каровіным вуху.

І цяпер параўнайце – калі ў анкеце напісана «Прозьвішча, літовец» – асацыяцыі з таўром ня ўзьнікне. Бо літоўцы ніколі не ўсьведамлялі сябе рабамі – «тоже русскими». Годнасьць – гэта якраз тое, што адрозьнівае іх ад рабоў і прымушае нас адразу намаляваць сабе вобраз – з кім давядзецца мець справу.

Нядаўні грузінска-эстонскі мастацкі фільм «Мандарыны» распавядае пра нацыянальную годнасьць. Фільм, між іншым, намінаваны на Оскара і яго лёгка знайсьці ў сеціве.

Справа дзеецца ў Абхазіі. Там эстонская вёска – з даўніх часоў. Пачалася грузіна-абхаская вайна (1992) і амаль усе эстонцы зьехалі на гістарычную радзіму. Засталіся двое. Нарыхтоўваюць мандарыны.

Выпадак зводзіць у вёсцы два варожыя атрады. Перастрэлка. Усе забітыя, апроч цяжка параненага грузіна і цяжка параненага чачэнскага найміта на абхаскім баку. Стары эстонец перацягвае параненых у свой дом і пачынае іх выходжваць. Працэс няхуткі. І як толькі грузін і чачэнец прыходзяць да прытомнасьці, яны зараз кідаюцца адзін на аднаго – каб забіць. Іх стрымвае толькі слабасьць ад ран і, самае галоўнае, гэты стары эстонец, які выратаваў ім жыцьцё. «Я забараняю вам забіваць адзін аднаго ў маім доме. Па-за домам рабіце што хочаце». Але, каб выйсьці з дому, параненым пакуль бракуе сіл.

Паказальны дыялёг чачэнца і гаспадара. «Я даў слова, – кажа эстонец. – Гэта слова эстонца». «І гэта ты кажаш мне, – пасьміхаецца чачэнец. – За сваё слова чачэнец аддасьць жыцьцё». Стары эстонец, счакаўшы, кажа: «Эстонец, чачэнец, якая розьніца».

У прынцыпе гэта і ёсьць адказ на пытаньне пра чалавечую годнасьць, якая праяўляецца праз нацыянальнае. У эстонца і чачэнца годнасьць аднолькавая, але яна не бывае проста так, нічыя, бо выхоўваецца ў культуры свайго народу.

Урэшце, грузін і чачэнец становяцца на ногі. Яны ўжо выходзяць з дому, але намеру забіць адзін аднаго не пакідаюць. Матыў? Той забіў маіх таварышаў. Я мушу адпомсьціць.

У двары – шашлыкі. Смажыць чачэнец. «Вы, грузіны, нічога не разумееце ў шашлыках». «А вы, чачэнцы, увогуле дзікія людзі» – працягваюць задзіраць адзін аднаго праціўнікі.

Стары эстонец разьлівае кілішкі і прамаўляе тост:

– Вып’ем за сьмерць!

Як гэта? Давайце за жыцьцё! Не! За сьмерць, я сказаў! Вы шукаеце сьмерці, гэта ваша мэта – забіць адзін аднаго, мы вып’ем за вашую мару, вып’ем за сьмерць.

З гэтага моманту адносіны грузіна і чачэнца пачынаюць мяняцца. Што было далей, вы пабачыце ў фільме.

Галоўная выснова. Людзі, надзеленыя нацыянальнай годнасьцю, здольныя пачуць адзін аднаго, паставіць сябе на месца іншага і ўрэшце паразумецца. Ніхто ніколі не атаясаміць сябе зь нікім, бо няма як. Нішто ніколі не паразумеецца зь нічым, таму вайну паміж імі спыніць немагчыма. Гэтаму, дарэчы, таксама ёсьць ілюстрацыі ў «Мандарынах».

Людзі, пазбаўленыя годнасьці, бясконца церпяць ад суседзяў, ад міліцыі, ад бюракратыі, ад сваволі і бясчынства і ніколі ня могуць зразумець, чаму ўсё так нелягічна, несправядліва і чаму зь імі так абышліся.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.