Някляеў: Зьвярнемся да ЭЗ, каб не здымаў санкцыі з афіцыйнага Менску

15 лютага а 12-ай гадзіне прадпрымальнікі сабраліся на несанкцыянаваны мітынг на Кастрычніцкую плошчу ў Менску, потым перамясьціліся на прыступкі Палацу рэспублікі. Удзел у акцыі бяруць паводле розных ацэнак ад 500 ад 1000 чалавек.

Яшчэ да пачатку акцыі на плошчы дзяжурылі аўтазакі і міліцыянты. А 12-й гадзіне на плошчы разгарнулі першыя плякаты і расьцяжкі «Працу!», «222 — рост беспрацоўя», «За свабоду прадпрымальнікаў». Сярод удзельнікаў акцыі — Уладзімер Някляеў, Мікалай Статкевіч, Анатоль Лябедзька.

«Мы маем права на працу! Дайце нам работу! Вы указам № 222 пазбавілі нас гэтага права. У рэгіёнах няма працоўных месцаў», — заявіла адна з прадпрымальніц, выступаючы на прыступках Палаца Рэспублікі.

Адзін з прадпрымальнікаў нагадаў словы Лукашэнкі аб тым, што іх называюць бандытамі. «Мы — не бандыты», — заявіў ён. Лідэр прадпрымальніцкага руху Алесь Макаеў зьвярнуўся да Лукашэнкі з патрабаваньнем папрасіць прабачэньня ў дробных бізнэсоўцаў.

Уладзімер Някляеў у сваім выступе прапанаваў прыняць пасланьне да кіраўнікоў ЭЗ, каб не здымалі санкцыі з афіцыйнага Менску. Людзі прагаласавалі за гэтае пасланьне ўзьняцьцём рук.

Частка прадпрымальнікаў прапануе застацца на Кастрычніцкай плошчы з разьлікам, што да вечара да акцыі далучыцца больш людзей

Раней Аляксандар Лукашэнка фактычна выказаўся супраць патрабаваньняў індывідуальных прадпрымальнікаў: улады не зьбіраюцца скасоўваць указ № 222, празь які ў Беларусі паўтара месяца пустуюць рынкі і гандлёвыя цэнтры. Грамадзкае аб’яднаньне «Пэрспэктыва», якое раней плянавала мітынг 15 лютага ў менскім Парку дружбы народаў, адмовілася ад ініцыятывы і спадзяецца на перамовы з урадам.

Тым ня меней на мітынг 15 лютага заклікаў прадпрымальнік і актывіст Алесь Макаеў — ён прапанаваў сабрацца а 12-й гадзіне на Кастрычніцкай плошчы. Лідэр «Пэрспэктывы» Анатоль Шумчанка ня стаў камэнтаваць магчымасьць свайго ўдзелу.