Вынік тэракту ў Анкары: прынамсі 28 забітых

У цэнтры Анкары ў сераду пры выбуху аўтамабіля, наладаванага выбухоўкай, загінулі, паводле апошніх дадзеных, 28 чалавек, больш за 60 атрымалі раненьні.

Пра гэта паведаміў намесьнік прэм’ер-міністра Турэччыны Нума Куртулмуш. Некалькі машын загарэліся. Раней губэрнатар гораду заявіў, што мэтай нападу, хутчэй за ўсё, былі аўтобусы, якія развозяць вайскоўцаў.

Выбух адбыўся паблізу інтэрнату для вайскоўцаў непадалёк ад раёну, дзе знаходзяцца штаб-кватэра узброеных сіл, будынак парлямэнту і шэраг урадавых установаў.

У сувязі з тым, што адбылося, прэзыдэнт Рэджэп Эрдаган адмяніў свой візыт у Азэрбайджан, а прэм’ер-міністр Турэччыны Ахмэт Давутаглу — у Брусэль.

Намесьнік прэм’ер-міністра Бекір Баздаг у Твітэры назваў выбух тэрактам.

Пакуль ніхто ня ўзяў на сябе адказнасьць за атаку.

У кастрычніку мінулага году пры выбухах у Анкары загінулі больш за сто чалавек. Турэцкія ўлады ўсклалі адказнасьць за тыя напады на экстрэмісцкую групоўку «Ісламская дзяржава».