РЭАЛІСТКА. Як я запісвала інтэрвію з былой кіраўніцай Грузіі Ніно Бурджанадзэ

Сайт праекту «Расея і я»

Я вельмі хацела сустрэцца з былой кіраўніцай Грузіі Ніно Бурджанадзэ, колішняй паплечніцай Міхаіла Саакашвілі, а цяпер ягонай жорсткай апанэнткай. Як былыя хаўрусьнікі становяцца антаганістамі? Ці стала адна з лідэраў «Рэвалюцыі ружаў» рупарам расейскай палітыкі ў Грузіі, пра што мне неаднойчы даводзілася чуць? Ці супадае мэдыйны імідж з рэальнай Ніно Бурджанадзэ? Даць адказы на гэтыя няпростыя пытаньні магла толькі яна сама.

Ніно Анзораўна ахвотна пагадзілася на інтэрвію яшчэ ў чэрвені, але лягістыка праекту склалася так, што я выправілася на Каўказ толькі напачатку верасьня. Разам з апэратарам Валерыем Адзікадзэ мы накіроўваемся ў офіс яе партыі „«Дэмакратычны рух „Адзіная Грузія“», які месьціцца ў адным з прэстыжных раёнаў Тбілісі. На ўваходзе ў трохпавярховы дом лунае вялікі партыйны жоўта-блакітны сьцяг.

Памочніца Ніно Бурджанаджэ добразычлічвая Кэці Чкарэўлі дазваляе нам выбраць любое месца ў кабінэце, нават зрабіць невялікую перастаноўку. Кэці перадае нам просьбу Ніно Анзораўны на некалькі гадзінаў перанесьці прызначаны час інтэрвію, бо ў яе шчыльным графіку нечакана дадалася яшчэ адна важная сустрэча. Не праблема, часу ў нас хапае...

Ніно Бурджанадзэ імпэтна і з усьмешкай заходзіць у свой кабінэт, цьвёрда цісьне руку. На хвілінку адлучаецца ў туалетны пакой падправіць мэйк ап перад запісам. Яна — элегантна і энэргічна. Я зьвяртаю ўвагу на яе брошку з граната на бэжавым пінжаку, і згадваю знакамітую калекцыю былой Дзяржсакратаркі ЗША Мадлен Олбрайт, кожная з брошак якой была схаваным пасланьнем. Напрыклад на сустрэчу з расейскімі ўрадоўцамі яна прыкалола брошку-«жучка», пасьля таго як спэцслужбы выявілі «жучка» ў залі пасяджэньняў.

Брошка Ніно Бурджанаджэ таксама са зьместам, гэта знак гасьціннасьці. Яна ведала, што я лячу з Прагі, дзе знаходзіцца штаб-кватэра Радыё Свабода, і таму прыкалола брошку, якую ёй падараваў чэскі прэзыдэнт Вацлаў Клаўс.

Я адразу пытаюся, як Ніно Бурджанадзэ ставіцца да таго, што яе часам называюць рупарам расейскай палітыкі ў Грузіі. Яны рэагуе імгненна: «Ёсьць два шляхі вырашэньня праблемаў паміж дзяржавамі: вайна ці дыялёг. Я выступаю супраць любой вайны, а тым больш вайны Грузіі з Расеяй, якая ясна чым скончылася і чым скончыцца, калі, ня дай Бог, гэта здарыцца. Я лічу адзіным магчымым шляхам паўнавартасны дыялёг».

Многія заявы Бурджанадзэ гучаць кантравэрсыйна. Яна называе Пуціна сур’ёзным палітыкам, які трымае сваё слова, яна вінаваціць Міхаіла Саакашвілі ў тым, што пачалася расейска-грузінская вайна 2008 году, называе свайго былога хаўрусьніка апошнім дыктатарам у Эўропе нароўні з Лукашэнкам, яна перакананая, што «Крым цяпер зьяўляецца часткай Расеі і больш ніколі ня стане часткай Украіны, і Ўкраіне трэба думаць, каб не страціць яшчэ больш тэрыторый».

Я пытаюся, ці лёгка ёй з такімі поглядамі ў грузінскай палітыцы. «Калі ўпершыню мяне пачалі называць прарасейскай, у мяне гэта выклікала ўсьмешку, — прызнаецца Бурджанадзэ, — Потым пачаліся пэўныя абвінавачваньні. Гэта непрыемна, гэта балюча, тым больш, калі ў цябе ёсьць дзеці, сям’я, аднадумцы, якія атрымліваюць гэты чорны піяр, клішэ здрадніка радзімы. Калі ты ў палітыцы, ты павінен сябе спытаць: тое, што ты робіш, ці гэта адпавядае тваёй унутранай веры? Я абсалютна ўпэўненая, што іншага шляху проста няма».

Я зьвяртаю ўвагу на фотаздымак Маргарэт Тэтчэр з аўтографам на пачэсным месцы ў кабінэце былой кіраўніцы Грузіі, а таксама на шэраг кнігаў, прысьвечаных прэм’ер-міністру Вялікай Брытаніі, і пытаюся, які галоўны ўрок Ніно Бурджанадзэ атрымала ў «жалезнай лэдзі». Ніно Анзораўна ўпэўнена адказвае: «Яе сіла волі і яе гатоўнасьць выслухоўваць самыя абразьлівыя рэчы, самыя жудасныя ацэнкі яе асобы, яе палітыкі дзеля таго, каб Брытанія стала на ногі».



Двойчы кіраўніца грузінскага парлямэнту, двойчы выканаўца абавязкаў прэзыдэнта Грузіі, якая выступае за шчыльныя сувязі з Расеяй і з Эўразьвязам. 51-гадовая кіраўніца апазыцыйнай партыі, якая мае прэзыдэнцкія амбіцыі. Прагматычны палітык, якая ўсьведамляе, што ня трэба дражніць Расею, і што цяперашняя Расея — гэта Пуцін і яго каманда. Моцная жанчына, гатовая да канца адстойваць свае перакананьні. Грузінка, для якой больш важна, што Лукашэнка лічыць Абхазію і Паўднёвую Асэтыю грузінскай зямлёй, чым тое, што адбываецца пад яго кіраўніцтвам у Беларусі.

Такой я пабачыла былую кіраўніцу Грузіі Ніно Бурджанадзэ. А вось яе адказы на пытаньні для праекту Свабоды «Расея і я» прапаную кожнаму ацаніць самаму.