Удзельнікаў пікету ў падтрымку Надзеі Саўчанкі атакавалі пэнсіянэры з кіямі

Акцыя салідарнасьці з украінскай лётчыцай Надзеяй Саўчанкай каля амбасады Расеі ў Менску, 9 сакавіка 2016 году

На ўдзельнікаў акцыі каля расейскай амбасады ў падтрымку Надзеі Саўчанкі напалі пэнсіянэры з кіямі. Пра гэта Свабодзе паведаміла адна з удзельніц Натальля Саматэя:

«Усяго іх было каля дзесяці чалавек. Яны па чарзе падыходзілі да нашага пікету, крычалі, што мы фашысты, што дзеці паліцаяў, якіх трэба расстрэльваць, замахваліся сваімі кіямі. Некаторыя спрабавалі вырваць з рук расьцяжку ў падтрымку Надзі Саўчанкі, а ў мяне спрабавалі сарваць значак з партрэтам Надзі Саўчанкі з паліто. А супрацоўнікі спэцслужбаў, якія ўвесь час фільмуюць удзельнікаў пікету, у гэты момант пераставалі штосьці здымаць. Відавочна, што гэта была арганізаваная акцыя міліцыі ці на іхні загад — якога-небудзь мясцовага ЖЭСу.

Тым часам удзельнікаў пікету, якія былі ад ранку, зьмянілі іншыя людзі. Больш стала падыходзіць і мінакоў. Некаторыя людзі прынесьлі каву і гарбату для тых, хто стаіць у пікеце».

Раней на 13 удзельнікаў акцыі супрацоўнікі міліцыі паскладалі пратаколы паводле артыкула 23.34 Адміністрацыйнага кодэксу аб несанкцыянаваным мітынгу".