Усе судовыя паседжаньні праводзіць судзьдзя Вікторыя Шабуня. Першым разглядалася справа Ўладзімера Мацкевіча, які ўвогуле ня браў удзелу ў акцыі і прадэманстраваў у судзе свой пашпарт, які пацьвярджаў, што ён знаходзіўся за мяжой.
Пры гэтым міліцыянты сьведчылі, што Мацкевіч быў удзельнікам акцыі і трымаў расцяжку «ПРАЦУ!»
Судзьдзя Вікторыя Шабуня ў выніку накіравала справу Ўладзімера Мацкевіча на дапрацоўку.
Потым яна пачала судзіць актывіста Паўла Сяргея. Яго яна прызнала вінаватым і аштрафавала на 50 базавых велічынь, гэта 10,5 мільёна рублёў. На пытаньне пасьля суду, чаму ў яе такі задаволены твар пасьля вынясеньня прысуду, Вікторыя Шабуня адказала прысутным у залі: А што, мне варта плакаць?
Актывіст Павал Сяргей аштрафаваны за мітынг 15.02 на 50 базавых. Сяргей: Пакуль лібералізацыя, трэба карыстацца. pic.twitter.com/ZXgnja5Si3
— Радыё Свабода (@svaboda) March 15, 2016
Далей Шабуня мае разгледзець справы лідэра АГП Анатоля Лябедзькі, актывістаў Ніны Багінскай і Дзьмітрыя Кавалгіна.
Лябедзька: Не давяраю судзьдзе Шабуні, бо лічу яе чыноўніцай, для якой тэлефоннае права мацней за Канстытуцыю. pic.twitter.com/hfjEuFO2A6
— Радыё Свабода (@svaboda) March 15, 2016
Анатоля Лябедзьку аштрафавалі на 50 базавых велічынь (10,5 млн). Ён ад удзелу ў акцыях не адмаўляўся, але казаў, што абараняў людзей.
Ніне Багінскай за акцыю 22 лютага далі штраф ў 25 базавых велічынь (5 мільёнаў 250 тысяч).
Учора судзьдзя Вікторыя Шабуня асудзіла за акцыю 15 лютага на 20 базавых велічынь актывістку АГП Вольгу Маёраву.
Актывіста зь Дзяржынскага раёну Мікалая Коласа аштрафавалі на 20 базавых велічынь за ўдзел у мітынгу салідарнасьці з прадпрымальнікамі, які прайшоў у Менску 15 лютага.