Амэрыканскія дыпляматы сустрэнуцца зь беларускімі ўладамі і апазыцыяй

Брыджыт Брынк (зьлева) і Робэрт Бяршчынскі

Выбары ў Палату прадстаўнікоў, якія чакаюцца 11 верасьня, лідэры апазыцыі абмяркуюць у Менску з намесьнікамі памочніка дзяржсакратара ЗША: па справах Эўропы і Эўразіі Брыджыт Брынк і па пытаньнях дэмакратыі, правоў чалавека і працы Робэртам Бяршчынскі.

Пра гэта Свабодзе паведаміў старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька:

«Сёньня а 17-й гадзіне мы запрошаныя на гэтую сустрэчу. Ведаю, што сярод тых, з кім будуць размаўляць амэрыканскія дыпляматы, мая намесьніца Антаніна Кавалёва, Юрась Губарэвіч, Алесь Лагвінец, Віталь Рымашэўскі і яшчэ некалькі палітыкаў.

Ад імя Правага цэнтру мы выкладзем сваё бачаньне магчымага ўдзелу ў выбарчай кампаніі. Тут тры асноўныя рэчы. Першая — у якіх умовах будзе праходзіць выбарчая кампанія. Другая — каардынацыя дзейнасьці прыхільнікаў пераменаў. Трэцяя — поствыбарчая стратэгія.

Ну і, безумоўна, на сустрэчы будзем абмяркоўваць сытуацыю з правамі чалавека. Улады тут зьмянілі толькі сваю тактыку. Так, яны амаль спынілі кідаць апазыцыйных актывістаў у турмы, але цяпер абкладаюць іх непад’ёмнымі штрафамі».

Амэрыканскія дыпляматы правядуць таксама сустрэчы у Міністэрстве замежных спраў Беларусі.

Брыджыт Брынк і Робэрт Бяршчынскі наведвалі Беларусь у кастрычніку 2015 году. Тады яны сустракаліся зь міністрам замежных спраў Уладзімерам Макеем, у прэзыдэнцкай адміністрацыі, а таксама з праваабаронцамі зь Беларускага Хэльсынскага камітэту, «Вясны», прадстаўнікамі царквы «Новае жыцьцё», лідэрамі апазыцыі і палітычнымі аналітыкамі.

На сустрэчы з журналістамі па выніках таго візыту амэрыканскія дыпляматы заявілі, што ЗША гатовыя да далейшых пазытыўных крокаў у дачыненьнях зь Беларусьсю. На іх думку, сустрэчы мелі плённы характар, і прадстаўнікі ЗША разьлічваюць на прадаўжэньне дыялёгу як паміж уладамі, так і паміж народамі дзьвюх краінаў. Паводле Робэрта Бяршчынскі, у разьвіцьці дачыненьняў зь Беларусьсю ЗША гатовыя пайсьці настолькі далёка, наколькі далёка гатовыя пайсьці ў гэтым працэсе беларускія ўлады.

"Цьвёрда перакананая, што далейшыя пазытыўныя крокі толькі ўмацуюць сувэрэнітэт і незалежнасьць Беларусі, якія ЗША безумоўна і цалкам падтрымліваюць і якія забясьпечаць далейшы фундамэнт для паляпшэньня дачыненьняў паміж нашымі краінамі",— адзначыла Брыджыт Брынк.