Ужо сёньня, 19 чэрвеня 2016: дзень нараджэньня Васіля Быкава, Уладзімера Каткоўскага

Васіль Быкаў, кастрычнік 1991 г. Фота Ўладзімера Крука

Падзеі і даты гэтага дня ў Беларусі, сьвеце, гісторыі.

Афіша:

У Музеі-дачы Васіля Быкава (Менск, а.г. Ждановічы, вул. 6-ая Дачная, д. 62) пачынаюцца «Быкаўскія дні», прымеркаваныя да дня нараджэньня пісьменьніка (19 чэрвеня 1924) і ўгодкаў ягонай сьмерці (22 чэрвеня 2003). Пачатак а 12:00.

На радзіме Васіля Быкава, у вёсцы Бычкі Ўшацкага раёну адбудзецца ўручэньне прэміі «За свабоду думкі» імя Васіля Быкава.

У прасторы «ЦЭХ» (Менск, вул. Кастрычніцкая, 16) у межах праекту ECLAB_Інтэракцыя адбудзецца прэзэнтацыя электроннага навучальнага дапаможніка «Псыхааналіз: тэксты для чытаньня». Мадэратарка сустрэчы — выкладчыца ECLAB Лідзія Міхеева. Пачатак а 16.00.

У Палацы спорту ў Менску пройдзе фінал нацыянальнага конкурсу прыгажосьці «Міс Беларусь-2016». За галоўны тытул пазмагаюцца 26 прыгажуняў. Пачатак а 18.30.

У гісторыі:

1623 — нарадзіўся Блез Паскаль, францускі матэматык, фізык і філёзаф.

1919 — нарадзіўся Пятро Бітэль, беларускі перакладчык, літаратар, настаўнік.

1924 — нарадзіўся Васіль Быкаў, беларускі пісьменьнік.

Васіль Быкаў


1941 — нарадзіўся Іван Ласкоў, беларускі пісьменнік, перакладчык, крытык, гісторык.

1941 — адбылася апошняя перадваенная масавая дэпартацыя, скіраваная супраць «варожых элемэнтаў» і іх сямей у заходніх абласьцях Беларусі, Украіны, Малдавіі — за 19-20 чэрвеня зь Беларусі былі высланы ў Сыбір і Казахстан 22 тысяч чалавек.

1976 — нарадзіўся Ўладзімер Каткоўскі, беларускі блогер, вэб-рэдактар сайту «Радыё Свабода», пачынальнік беларускай Вікіпэдыі.

Уладзімір Каткоўскі


У памяці:

1993 — памёр Уільям Голдынг, ангельскі пісьменьнік, ляўрэат Нобэлеўскай прэміі 1983 году.

Цытата:

«Сьцяна была каменная, закапцелая, дужа старая, як і ўвесь гэты будынак-турма, што дастаўся дыктатару краіны ад ранейшага дыктатара, а таму — ад яшчэ ранейшых. Дыктатары ў гэтай краіне не выводзіліся ніколі. Калісьці тут балявалі ці спраўлялі крывавыя трызны, плялі змовы і ўсялякія іншыя злачынствы — супраць улады, народа ці каго з тых, хто выйграў у бясконцай барацьбе за ўладу. Або прайграў таксама. А цяпер тут сядзеў ён і такія, як ён. Іншыя, мабыць, сядзелі даўно і доўга, ён жа тут апынуўся нядаўна. Ранейшыя ягоныя гады і месяцы мінулі ў іншым месцы, надта, аднак, падобным на гэта. Таму перамена месца зьняволеньня ня дужа яго ўзрушала — і там, і тут для яго быў нарыхтаваны каменны калодзеж, сыры і цёмны, — пяць крокаў удоўж і тры ўшыркі. Жалезныя дзьверы з засовам, сьмярдзючая параша ў куце — як і ўсюды. Адзіным, што тут прыцягвала ягоную ўвагу, была сьцяна. Тая, што насупраць ад дзьвярэй».

Васіль Быкаў, пачатак апавяданьня «Сьцяна»